Палова шляху пройдзена: удзельнікі дабрачыннай акцыі «100 гадзін з А1» дасягнулі 25 000 гадзін трэніровак
Усяго за 23 дні дабрачыннай акцыі «100 гадзін з А1» сума гадзін фізічнай актыўнасці ўдзельнікаў перавысіла 25 000. Яшчэ столькі ж трэніровак дапамогуць дасягнуць галоўнай мэты і пералічыць 50 000 рублёў партнёру – Міжнароднай грамадскай арганізацыі «SOS-Дзіцячыя вёскі».
Арганізатары запрасілі да ўдзелу ўсіх неабыякавых да бегу, хадзьбы, плавання і веласпорту і паставілі перад імі задачу: правесці за гэты час на трэніроўках не менш за 100 гадзін – у зручны час і ў вольным рэжыме, але пры гэтым абавязкова публікаваць свае вынікі анлайн на пляцоўцы 100.a1.by.
З 1 чэрвеня да дабрачыннай акцыі далучыліся больш за 3000 чалавек. 17 з іх ужо правялі звыш 100 гадзін трэніровак і атрымаюць сімвалічны прыз для самых актыўных удзельнікаў – імянное дрэва, якое будзе пасаджана ў SOS-Дзіцячай вёсцы Бараўляны. Асноўная мэта праекта – аказанне спонсарскай дапамогі, на сродкі якой у SOS-Дзіцячай вёсцы Магілёў усталююць сонечныя панэлі і паветраную цеплавую помпу, якія забяспечаць яе жыхароў экалагічна чыстай электраэнергіяй.
Значны ўнёсак у прасоўванне акцыі і папаўненне яе лічыльніка робяць не толькі індывідуальныя трэніроўкі ўдзельнікаў, але і падтрымка розных спартыўных клубаў. Сярод іх – дзіцячы футбольны клуб А1 Junior, бегавы клуб Run4Fun, сталічныя плавальныя клубы «Алімпіец», «ФІНВАЛ», «SWIMMINSK», іх калегі з рэгіёнаў – «АкваСтарс» (Брэст), «Жоўтая субмарына» (Гомель), «Спартыўны клуб «Белы мядзведзь» (Полацк), а таксама выхаванцы і супрацоўнікі SOS-Дзіцячых вёсак. Так, у мінулыя выхадныя ў SOS-Дзіцячай вёсцы Мар'іна Горка прайшоў дабрачынны карпаратыўны турнір па міні-футболе, па выніках якога на карысць акцыі залічана 39 гадзін.
Далучайцеся да дабрачыннай акцыі «100 гадзін з А1» – для гэтага вам трэба бегаць, хадзіць, плаваць ці ездзіць на ровары і да 20 ліпеня рэгістраваць вынікі сваіх трэніровак на сайце 100.a1.by. Удзельнікі, якія набралі найбольшую колькасць гадзін фізічнай актыўнасці ў кожнай з чатырох дысцыплін, атрымаюць камплекты медалёў, а абсалютны пераможца – кубак. Плюс – асабістае імянное дрэва як сімвалічны прыз за 100 і больш гадзін трэніровак.