«50 000 гадзін з А1»: удзельнікі дабрачыннай акцыі датэрмінова дасягнулі галоўнай мэты
Удзельнікі дабрачыннай акцыі «100 гадзін з А1» датэрмінова дасягнулі галоўнай мэты праекта – на працягу 50 дзён займацца спортам агулам 50 000 гадзін. 15 ліпеня на агульным лічыльніку - 50 803 гадзіны 45 хвілін. А гэта значыць, што кампанія А1 пералічыць 50 000 рублёў партнёру акцыі – Міжнароднай грамадскай арганізацыі «SOS-Дзіцячыя вёскі». Але сама акцыя, як і планавалася, будзе доўжыцца па 20 ліпеня ўключна, таму барацьба за рэкорды ў кожным з кірункаў – бег, плаванне, хадзьба і язда на ровары – яшчэ працягваецца.
Акцыя разлічана роўна на 50 дзён, і з 1 чэрвеня да яе ўжо далучыліся больш за 2 000 чалавек. Найбольшай папулярнасцю, як і ў мінулым годзе, карыстаюцца хадзьба і веласпорт: у гэтых катэгорыях зарэгістравалася больш за ўсё актыўных удзельнікаў, якія знаходзіліся ў руху больш за 100 гадзін. Сімвалічным прызам за гэтыя дасягненні для кожнага з іх стане імянное дрэва, якое будзе высаджана на тэрыторыі SOS-Дзіцячай вёскі Бараўляны ў адпаведнасці з праектам добраўпарадкавання тэрыторыі.
У гэтым сезоне ўсе актыўнасці спартыўнай дабрачыннай акцыі «100 гадзін з А1» наўпрост звязаныя з тэмай экалогіі. На выдзеленыя па выніках праекта сродкі ў SOS-Дзіцячай вёсцы Магілёў плануецца ўсталяваць сонечныя панэлі і паветраную цеплавую помпу, якія забяспечаць яе жыхароў экалагічна чыстай электраэнергіяй на працягу ўсяго года. Такая сістэма ўпершыню ўсталёўваецца ў Беларусі ў рамках настолькі маштабнага праекта. Яе пробны запуск запланаваны на пачатак навучальнага года.
Важкі ўнёсак у прасоўванне акцыі і агульны вынік зрабілі не толькі асобныя ўдзельнікі, але і спартыўныя аб'яднанні. У іх ліку футбольны клуб А1 Junior, сталічныя плавальныя клубы «Алімпіец», «Фінвал» і SWIMMINSK, а таксама іх партнёры: брэсцкі плавальны клуб «АкваСтарс», «Жоўтая субмарына» з Гомеля і полацкі «Спартыўны клуб «Белы мядзведзь». Дадалі свае пазазаліковыя гадзіны трэніровак і ўдзельнікі бегавога клуба Run4Fun, аддзяленні якога знаходзяцца ў Мінску, Баранавічах, Гродне, Рагачове, Ашмянах і Пінску.
Наведвальнікі гарадскога пікніка «Вуліца Ежа», які адбыўся 10-11 ліпеня ў сталічным Батанічным садзе, таксама далучыліся да дабрачыннай акцыі. 229 чалавек прайшлі па трох спецыяльна распрацаваных маршрутах, паспрабавалі GPS-арт і пералічылі свой час прагулак у скарбонку «100 гадзін з А1».
Да завяршэння акцыі 20 ліпеня ўдзельнікі могуць загружаць вынікі сваіх індывідуальных трэніровак на анлайн-платформу 100.a1.by. Па выніках праекта лідары будуць вызначаны і ў агульным заліку, і асобна ў кожным відзе спорту. Удзельнікі, якія набяруць больш за ўсё гадзін трэніровак у кожнай з чатырох дысцыплін, атрымаюць камплекты медалёў, а абсалютны пераможца – спецыяльна выраблены для гэтай падзеі кубак са шкла і дрэва.