А1 забяспечыў сувязь да адкрыцця трэцяй лініі мінскага метро | Навiны | Пра кампанію

А1 забяспечыў сувязь да адкрыцця трэцяй лініі мінскага метро

Правайдар тэлекам-, ІКТ- і кантэнт-паслуг A1 паспяхова скончыў тэставанне мабільнай сувязі на станцыях трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна. Такім чынам, да афіцыйнага запуску новай лініі метро абаненты А1 змогуць карыстацца сувяззю на платформах, у падземных пераходах, а таксама ў тунэлях паміж станцыямі.

 

Так, сетка А1 запрацавала на станцыях «Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча». Пасля адкрыцця трэцяй лініі пасажыры змогуць свабодна тэлефанаваць, у тым ліку ў фармаце HD-Voice, а таксама карыстацца мабільным інтэрнэтам на платформах станцый і ў падземных пераходах, якія вядуць да іх.

 

Акрамя таго, сувязь А1 ужо даступная ва ўсіх тунэлях паміж станцыямі метро.

 

На новым пускавым 3,5-кіламетровым участку Мінскага метрапалітэна, як гэта ўжо зроблена на Маскоўскай і Аўтазаводскай лініях, рэалізавана раней прапанаванае кампаніяй А1 рашэнне, якое заключаецца ў пракладцы выпрамяняльнага кабелю – фідара – па сценах тунэляў. Ён падключаны да базавых станцый і замяняе сабой звыклыя антэны сотавай сувязі, таму з'яўляецца крыніцай устойлівага сігналу для мабільных прылад пасажыраў падземкі.

 

Рэалізацыю праекта па забеспячэнні мабільнай сувязі ў перагонах Мінскага метрапалітэна кампанія А1 пачала ў 2018 годзе: да кастрычніка 2018 года скончыла ўсе падрыхтоўчыя працы і пачала мантаж абсталявання ў тунэлях, а з красавіка па май 2019 года паэтапна запусціла сувязь на розных участках Маскоўскай і Аўтазаводскай ліній. Дзякуючы гэтаму на дадзены момант мабільная сувязь і інтэрнэт даступныя абанентам А1 на ўсіх дзеючых станцыях і перагонах метро агульнай працягласцю 37,3 км.