А1 першым у Беларусі запусціў другую нясучую частату ў дыяпазоне UMTS-900
Кампанія А1 першай у Беларусі павялічыла прапускную здольнасць сваёй сеткі, задзейнічаўшы дадатковы радыёчастотны канал у дыяпазоне UMTS-900. Гэты крок дазволіў забяспечыць больш якаснае пакрыццё на тэрыторыях па-за межамі буйных населеных пунктаў.
Для запуску другой нясучай частаты быў выбраны дыяпазон 900 МГц – менавіта ён выкарыстоўваецца для забеспячэння сувязі ў сельскай мясцовасці, паколькі забяспечвае пакрыццё на большай плошчы і з меншым затуханнем сігналу ў параўнанні з 2100 МГц. Акрамя таго, радыёсігнал на гэтай частаце лепш пранікае праз рознага кшталту экраніруючыя перашкоды і мае большую ёмістасць, што дазваляе забяспечыць высокую якасць сігналу нават на тэрыторыях са складаным ландшафтам ці ва ўмовах высакашчыльнай забудовы. Дадатковы канал дазволіў амаль у два разы павысіць ёмістасць існуючай 3G-сеткі ў межах зоны пакрыцця другой нясучай. Гэта дапамагло палепшыць якасць галасавых выклікаў і павялічыць хуткасць працы мабільнага інтэрнэту ў сетцы А1.
У дадзены час праца другой нясучай частаты ў дыяпазоне 900 МГц наладжана такім чынам, каб ахапіць тэрыторыі з найбольш высокай шчыльнасцю сельскага насельніцтва або значным турыстычным патэнцыялам Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Дзякуючы новаўвядзенню паляпшэнне ў якасці працы сеткі А1 змаглі ацаніць як жыхары некаторых вёсак і сёл, дачных масіваў, так і наведвальнікі санаторыяў і зон адпачынку.
«А1 робіць усё магчымае для таго, каб наяўныя ў нашым распараджэнні тэхнічныя рэсурсы, уключаючы частотны дыяпазон, выкарыстоўваліся з максімальнай аддачай. Запуск другой нясучай частаты ў сетцы UMTS-900 – прыклад таго, як гэты прынцып рэалізуецца на практыцы: без будаўніцтва новых станцый і значных часавых затрат мы змаглі забяспечыць нашым абанентам надзейную 3G-сувязь і больш якасны сэрвіс. У будучыні зона пакрыцця другой нясучай частаты будзе пашырана на ўсю тэрыторыю Беларусі – рэалізацыя адпаведнага праекта запланаваная на 2024 год», – паведаміў намеснік генеральнага дырэктара кампаніі А1 па эксплуатацыі сеткі Уладзімір Сачкоў.
Кампанія А1 рэгулярна робіць крокі для паляпшэння якасці працы сваёй сеткі ў частотным дыяпазоне 900 МГц. Так, у 2021 годзе стартаваў праект паэтапнай замены стандартных антэн на базавых станцыях UMTS-900 на шматпрамянёвыя, што дазволіла павялічыць ёмістасць сеткі ў 2-3 разы. А ў 2022 годзе кампанія пачала эксплуатацыю тэхналогіі RAN Sharing, дзякуючы якой аператары могуць сумесна карыстацца існуючымі сеткамі радыёдоступу, каб паскорыць разгортванне сетак мабільнай сувязі і палепшыць якасць пакрыцця ў маштабах краіны або асобных рэгіёнаў.