А1 разгарнула першую ў Беларусі аўтаномную 5G-сетку
Кампанія А1 у тэставым рэжыме запусціла ў эксплуатацыю сетку 5G SA (Stand Alone). Гэта першая ў Беларусі паўнацэнная 5G-сетка, пабудаваная на аснове аўтаномнай архітэктуры.
Тэставая 5G-сетка А1 створана на базе аўтаномнай архітэктуры – SA. У адрозненне ад сетак з неаўтаномнай архітэктурай (NSA, Non-Stand Alone), «чыстыя» 5G-сеткі разгортваюцца без прывязкі да інфраструктуры сетак 4G/LTE. Такі падыход патрабуе ад аператара значных часавых і фінансавых выдаткаў на пачатковым этапе, аднак дазваляе адразу забяспечыць абанентаў паўнацэннай 5G-сувяззю з падтрымкай усіх ключавых пераваг дадзенага стандарту – у прыватнасці, звышвысакахуткаснай перадачай даных з мінімальнай затрымкай.
«5G-сетка кампаніі А1 першапачаткова будуецца на незалежнай архітэктуры. Менавіта такое рашэнне з'яўляецца канчатковай мэтай любога аператара, які імкнецца прапанаваць сваім абанентам усе перавагі сувязі перадавога стандарту. Шлях А1 да разгортвання сувязі пятага пакалення пачаўся ў 2016 годзе з запуску першага ў свеце цалкам віртуальнага ядра мабільнай сеткі. Пазней мы першымі ў Беларусі рэалізавалі такія інавацыйныя рашэнні, як NB-IoT, eSIM, VoLTE, VoWiFi. Усё гэта дазволіла закласці моцны фундамент для будучага развіцця 5G», – адзначыў намеснік генеральнага дырэктара кампаніі А1 па тэхнічных пытаннях Крысціян Лаке.
Пры запуску сваёй тэставай сеткі стандарту 5G кампанія A1 абапіраецца на багаты вопыт мацярынскай кампаніі А1 Telekom Austria Group. У прыватнасці, аўстрыйскае падраздзяленне холдынгу ўжо сёння забяспечвае 5G-сувязь у больш чым 120 населеных пунктах.
Першымі лакацыямі, дзе 5G-сетка А1 даступная ў тэставым рэжыме, стала Кастрычніцкая плошча (у прыватнасці, сувязь пятага пакалення з'явілася ў галаўным офісе кампаніі А1 і на прылеглай тэрыторыі каля Палацу Рэспублікі), а таксама індустрыяльны парк «Вялікі камень». Пазней колькасць тэставых зон будзе павялічвацца: яны з'явяцца на тэрыторыі шматфункцыянальнага культурна-спартыўнага комплексу «Мінск-Арэна», а таксама ў якасці перасоўнай базавай станцыі каля сталічнага «Палаца Спорту».
Для запуску сувязі стандарту 5G SA ад А1 выкарыстоўваецца дыяпазон 3,5 Ггц. Тэставы запуск 5G-сеткі A1 дазволіў прадэманстраваць больш чым 10-кратнае павелічэнне ёмістасці сеткі і хуткасці перадачы дадзеных у параўнанні з дзеючымі 3G/4G-сеткамі аператара. Так, у ходзе першага тэсту хуткасць сеткі максімальна «разагналі» да 1,1 Гбіт/c. У рэжыме стандартнага тэставання пры наяўнасці некалькіх тэрміналаў (прымаючых прылад) хуткасць загрузкі дадзеных на прыладу (downlink) складае ў сярэднім 300 Мбіт/с, хуткасць выгрузкі дадзеных у інтэрнэт (uplink) - 150 Мбіт/c. Пры гэтым хуткасць водгуку сеткі (ping) вар'іруецца ў межах усяго 10-15 мілісекунд. У якасці тэставай прылады выкарыстоўваўся смартфон на новай платформе MediaTek Dimensity 1000.
Праект па разгортванні тэставай 5G-сеткі кампаніі А1 быў ажыццёўлены ў партнёрстве з кампаніяй ZTE – адным з сусветных лідараў па пастаўках тэлекамунікацыйнага абсталявання.
«Мы рады, што менавіта А1, наш шматгадовы партнёр, стаў першым у Беларусі аператарам, які запусціў сетку 5G SA. Аўтаномная архітэктура 5G дазваляе не толькі палепшыць прапускную здольнасць сеткі, але і з лёгкасцю адаптаваць яе пад розныя інавацыйныя сэрвісы. У бліжэйшы час на базе індустрыяльнага парка «Вялікі камень» таксама пачне працу наша з А1 сумесная лабараторыя 5G, дзе будзе тэставацца сеткавае абсталяванне і дадаткі для вертыкальна інтэграваных рынкаў», – адзначыў дырэктар ЗТАА «ЗТЕ» Вэй Вэй.
Асноўнымі перавагамі сувязі пятага пакалення з'яўляюцца высокая хуткасць перадачы даных – да некалькіх гігабіт у секунду, мінімальная затрымка пры перадачы сігналу – да адной мілісекунды супраць дзясяткаў мілісекунд у сетках 4G, а таксама магчымасць адначасова забяспечваць доступ у сетку большай колькасці прылад. Усё гэта робіць новы стандарт аптымальнай базай для развіцця інтэрнэту рэчаў (IoT), рэалізацыі канцэпцыі «разумных» гарадоў і ўкаранення перспектыўных В2В-рашэнняў.