Безлімітная сувязь ад А1 дапамагае медыкам у Гродна паскорыць працу ў экстранных сітуацыях | Навiны | Пра кампанію

Безлімітная сувязь ад А1 дапамагае медыкам у Гродна паскорыць працу ў экстранных сітуацыях

Кампанія А1 працягнула падтрымку сацыяльнага праекта Heart team і перадала гродзенскім медыкам 35 SIM-карт з безлімітным доступам у інтэрнэт. Дзякуючы гэтаму ўжо 32 урачэбныя брыгады Гродзенскай абласной станцыі хуткай медыцынскай дапамогі могуць аператыўна ўносіць звесткі пра пацыентаў з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі і адразу ж абменьвацца імі са стацыянарам.

 

З ініцыятывай Heart team яшчэ летась выступіў Гродзенскі абласны клінічны кардыялагічны цэнтр, а таксама Галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама. Для пачатку планшэтамі з адмысловым дадаткам і падключанымі SIM-картамі А1 аснасцілі 17 медыцынскіх брыгад. Сёлета пры падтрымцы кампаніі працуюць ужо 32 брыгады.

 

На планшэтах Heart team усталявана праграмнае забеспячэнне Salutis, якое працуе на аснове SIM-карт з падлкючаным пакетам безлімітнай 3G-сувязі ад A1. Неабмежаваны кругласутачны доступ да сеткі дазваляе медыкам абменьвацца любым аб'ёмам даных.

 

«Укараненне сучасных тэхналогій ў сферу аховы здароўя – важны і натуральны крок для развіцця медыцыны. Мы рады рухацца ў гэтым напрамку разам з Гродзенскім абласным клінічным кардыяцэнтрам, падтрымліваючы і пашыраючы інавацыйную ініцыятыву рэгіёну. Тое, як пазітыўна на яе адгукнуліся самі медыкі, толькі пацвярджае, наколькі анлайн-камунікацыі неабходныя ім», – адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.

 

Новаўвядзенне дазволіла забяспечыць аператыўную сувязь з кардыяцэнтрам, куды дастаўляюць большасць пацыентаў у тых выпадках, калі неабходная экстранная шпіталізацыя. Тры планшэты знаходзяцца ў стацыянары: адзін у дзяжурнага кардыёлага ў прыёмным пакоі, другі – у рэаніматолага, трэці – у хірурга. Яшчэ пры аглядзе дома брыгада хуткай дапамогі запаўняе на планшэце адмысловую форму ў мабільным дадатку – і звесткі адразу ж трапляюць і ў стацыянар. Пол, узрост, стан і ступень цяжкасці, паказчыкі электракардыяграмы, дата і час паступлення скаргаў – гэта інфармацыя дапамагае падрыхтаваць прыёмны пакой і аперацыйную для пацыента, пакуль ён яшчэ знаходзіцца ў дарозе, а значыць максімальна аператыўна аказаць яму патрэбную дапамогу.

 

«Наш цэнтр выкарыстоўвае гэтую праграму з 2019 года, і мы адчуваем значныя змены ў нашай працы. Для пацыентаў, якія да нас трапляюць, адзін з найбольш крытычных паказчыкаў – час, які яны праводзяць у цяжкім стане. І дзякуючы праекту Heart team у нас атрымліваецца яго скарачаць і ў патрэбны момант узнаўляць нармальную працу сэрца. Планшэтамі для абмену данымі аснашчаныя ўжо практычна ўсе брыгады хуткай дапамогі, якія абслугоўваюць Гродна і Гродзенскі раён, і цяпер гэта асабліва важна, бо ў перыяд пандэміі своечасова атрыманая інфармацыя можа не толькі дапамагчы пацыентам, але і абараніць урачоў», – расказаў рэнтгена-эндаваскулярны хірург Гродзенскага абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтра Аляксандр Чарняк.

 

Ініцыятары праекта Heart team адзначаюць, што спадзяюцца такім чынам паскорыць аказанне дапамогі пацыентам па ўсёй Гродзенскай вобласці, а таксама выпрацаваць агульны алгарытм дзеянняў у складаных і надзвычайных сітуацыях, які дапаможа медыкам яшчэ больш эфектыўна лячыць сардэчна-сасудзістыя захворванні.