Вядомы духавы аркестр з Эстоніі выканае музыку тэатра і кіно каля мінскай Ратушы | Навiны | Пра кампанію

Вядомы духавы аркестр з Эстоніі выканае музыку тэатра і кіно каля мінскай Ратушы

Фестываль «Класіка ля Ратушы з velcom | A1» у Мінску працягнецца 10 жніўня выступам эстонскага духавога аркестра «Саксон» пад кіраўніцтвам дырыжора Кайда Ківі. Музыкі з горада Пярну выканаюць на плошчы Свабоды музычныя творы з вядомых савецкіх кінафільмаў і тэатральных пастановак.

У гэтым сезоне з нагоды пяцігадовага юбілею «Класіка ля Ратушы з velcom | A1» гучыць на вуліцах пяці гарадоў Беларусі. Канцэрты ў Віцебску, Гомелі, Гродне і Брэсце ўжо адбыліся. Серыя музычных вечароў у Мінску пачалася 20 ліпеня і будзе доўжыцца да 31 жніўня. У гэтую суботу, 10 жніўня, чацвёрты з шасці запланаваных канцэртаў пройдзе з удзелам замежных гасцей – духавога аркестра «Саксон» з эстонскага Пярну.

Гэта калектыў з больш чым 50-гадовай гісторыяй. У складзе аркестра – 35 чалавек ва ўзросце ад 13 да 78 гадоў самых розных заняткаў і прафесій, аб'яднаных выканальніцкім талентам і шчырай любоўю да музыкі. У Мінску артысты сыграюць беларускі «Крыжачок», песні эстонскіх кампазітараў, а таксама добра знаёмыя шырокай публіцы мелодыі з савецкіх кінафільмаў («Вясёлыя рабяты», «Доўгая дарога ў дзюнах», «Дзеці капітана Гранта», «Авадзень») і тэатральных пастановак паводле вядомых літаратурных твораў («12 крэслаў», «Мая чароўная лэдзі», «Адрынутыя»).

Канцэрт аркестра складаецца з двух аддзяленняў. У перапынку паміж імі для жыхароў і гасцей сталіцы выступіць папулярны эстонскі спявак і актор Талінскага гарадскога тэатра Марка Матверэ ў фартэпіянным суправаджэнні Тарма Ээсперэ.

Музычныя вечары ля Ратушы нязменна праводзяцца пры падтрымцы кампаніі velcom | A1 і Мінгарвыканкама. Наступныя два канцэрты абудуцца 17 і 31 жніўня. Канцэрт 17 жніўня – з удзелам Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнароднага канцэртнага саліста, прафесара Вышэйшай Школы мастацтваў піяніста Цімура Сергяені (Бельгія-Беларусь), а 31 жніўня – Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь.

Бясплатна глядзець усе канцэрты можна як у жывым эфіры, так і ў запісе на любой прыладзе і ў сетцы любога аператара сувязі – velcom | A1 арганізуе трансляцыі з плошчы Свабоды. У раздзеле VOKA Live на відэасэрвісе VOKA для прагляду ўжо даступныя выступы музыкаў у Віцебску, Гомелі, Гродне і Брэсце, а таксама мінскія канцэрты 20 ліпеня (Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь), 27 ліпеня (праект «Тры тэнары» ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча) і 3 жніўня (музычная капэла «Санорус»).

Уваход на любы з канцэртаў «Класікі ля Ратушы з velcom | A1» традыцыйна вольны.