Тэхналогіі і экалогія: каардынатар арт-фестывалю SPRAVA і сузаснавальнік IT-кампаніі правядуць бясплатны майстар-клас для старшакласнікаў
20 лютага распачнецца адукацыйная праграма праекта «Першыя» для беларускіх старшакласнікаў. Вучні 9, 10 і 11-х класаў з усёй краіны змогуць бясплатна прыняць удзел у майстар-класе з удзелам сузаснавальніка IT-кампаніі Feeling Digital і каардынатара папулярнага арт-фестывалю SPRAVA. На першай анлайн-сустрэчы гаворка пойдзе пра тое, як ствараць тэхналогіі будучыні і сачыць за модай з клопатам пра прыроду.
Першы анлайн майстар-клас па тэмах «Тэхналогіі» і «Экалогія» адбудзецца ўжо ў гэту суботу, 20 лютага, аб 11-й гадзіне на сайце www.generation.A1.by. Першы блок будзе прысвечаны тэме «VR і AR-тэхналогіі, якія зменяць заўтрашні дзень». Спікерам выступіць Мітрый Соркін – сузаснавальнік і крэатыўны прадзюсар IT-кампаніі Feeling Digital. А ў якасці спецыяльнага госця на сустрэчу запрошаны пераможца мінулага сезона конкурсу «Першыя» Самуіл Алексін, які ў сваім выступе на канферэнцыі TEDxYouth@Minsk прапанаваў дадаць у школьную праграму курсы робататэхнікі.
Тэма другога блока: «Модны фестывальны рух у гармоніі з прыродай – спалучыць і атрымаць профіт». Яго спікерам стане Ганна Александронкава – каардынатар Міжнароднага фестывалю-ўзаемадзеяння з гістарычным і прыродным ландшафтам Беларусі SPRAVA, які праводзіцца ў вёсцы Белая Царква ў Віцебскай вобласці. Дапоўніць прэзентацыю экалагічных праектаў яшчэ адзін спецыяльны госць – таксама пераможца мінулага сезона конкурсу «Першыя» Кацярына Янголь, якая ў сваёй прамове на канферэнцыі TEDxYouth@Minsk прапанавала добраўпарадкаваць рачны бераг у сваім родным мястэчку Крэва і зрабіць там танцпляцоўку, каб ачысціць ад смецця Балтыйскае мора.
Трансляцыя будзе ісці на сайце праекта «Першыя» www.generation.A1.by. Падчас выступлення спікераў удзельнікі майстар-класа змогуць пагутарыць з імі ў чаце і задаць свае пытанні. Аўтары самых складаных і цікавых пытанняў, зарэгістраваныя на сайце праекта, атрымаюць каштоўныя падарункі.
Мэта адукацыйнай праграмы заключаецца ў тым, каб расказаць школьнікам, якія праекты ўжо існуюць у Беларусі ў сферы культуры, інклюзіі, урбаністыкі, экалогіі і тэхналогій. А таксама паказаць, як адна ідэя можа змяніць да лепшага жыццё многіх людзей. Гэта дазволіць старшакласнікам падзяліцца сваім меркаваннем па кожнай з тэм і прыдумаць уласны праект, каб падаць яго на конкурс ідэй «Першыя», прэзентаваць на міжнароднай моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk і атрымаць iPhone 12.
Адукацыйная праграма праекта «Першыя» працягнецца і ў сакавіку. Прыём заявак для старшакласнікаў на ўдзел у конкурсе ідэй па пяці кірунках – «Тэхналогіі», «Культура», «Экалогія», «Інклюзія», «Урбаністыка» – адкрыты да 30 красавіка. Для гэтага трэба зняць відэаролік пра сваю ідэю (да 3 хвілін), падзяліцца ім у любой сацыяльнай сетцы (TikTok, Instagram, VK, YouTube, FB, OK, Twitter) з хэштэгам конкурсу #generationA1 і даслаць спасылку на generationA1.2021@gmail.com.
Сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Усе мерапрыемствы праходзяць на беларускай мове, уключаючы майстар-класы і публічныя выступленні фіналістаў, бо адна з мэтаў конкурсу – пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і павелічэнне яе папулярнасці з дапамогай сусветнай супольнасці TED.
Больш падрабязнай інфармацыі – на сайце праекта «Першыя» www.generation.A1.by.