«МОВА» Беларусі: А1 усталюе серыю арт-інсталяцый у шасці найбуйнейшых гарадах краіны | Навiны | Пра кампанію

«МОВА» Беларусі: А1 усталюе серыю арт-інсталяцый у шасці найбуйнейшых гарадах краіны

У Міжнародны дзень роднай мовы, 21 лютага, кампанія А1 прадставіла новы праект, дзякуючы якому ў рамках ініцыятывы «Веліч роднай мовы» вясной 2020 года ў Мінску і найбуйнейшых гарадах Беларусі – Брэсце, Віцебску, Гродне, Гомелі і Магілёве – з’явіцца серыя незвычайных мастацкіх інсталяцый. Гэта будуць наборы інтэрактыўных скульптур, якія разам утвараюць слова «МОВА».

 

Манументальныя тэкставыя інсталяцыі стануць месцамі камфортнага адпачынку, бо фактычна ўяўляюць з сябе вулічную мэблю, вырабленую з дрэва і металу. Аўтар арт-аб’ектаў – вядомы беларускі скульптар Павел Вайніцкі. Па яго задуме, «МОВА» служыць месцам камунікацыі, дзе людзі могуць сустракацца і зручна размяшчацца на скульптурных літарах.

Лакальныя асаблівасці кожнага з шасці рэгіёнаў будуць паказаныя праз колер інсталяцый – ідэя праекта базіруецца на канцэпцыі нацыянальных колеравых упадабанняў, распрацаванай выдатным дызайнерам, мастаком і паэтам Міхалам Анемпадыставым у кнізе «Колер Беларусі», а таксама на даследаваннях найбуйнейшага беларускага этнографа Міхаіла Раманюка, які рэканструяваў колеры традыцыйных народных строяў розных рэгіёнаў Беларусі.

 

«З дапамогай арт-інсталяцый мы хацелі б падкрэсліць, што родная мова – гэта прыгожа і камфортна, а яе прысутнасць змяняе да лепшага ўсё вакол нас. А1 невыпадкова ўзялася за рэалізацыю такога праекта, бо прэзентацыя нацыянальных феноменаў і падтрымка беларускай мовы – адны з найважнейшых кірункаў дзейнасці нашай кампаніі. Зашыфраваўшы яе імя ў слове «МОВА», гэты прыярытэт мы вылучылі і візуальна. Калі ўсе арт-аб’екты будуць усталяваныя, плануем стварыць каля іх сетку бясплатнага Wi-Fi ад А1», – адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.

Паколькі Мінск – геаграфічны, сацыяльны і культурны цэнтр краіны, дзе перамяшаныя асаблівасці ўсіх рэгіёнаў, гэта будзе адлюстравана з дапамогай усіх асноўных колераў, якія характарызуюць нашу краіну, – сіняга, зялёнага, жоўтага, чырвонага і чорнага. Месца размяшчэння інсталяцыі ў сталіцы яшчэ ўдакладняецца.

 

«Чорны і чырвоны – базавыя колеры кожнага з арт-аб’ектаў, і яны будуць выкарыстаныя ва ўсіх гарадах. Астатнія адценні абсалютна розныя – яны падкрэсліваюць адметнасці кожнага рэгіёна. Усе колеры выбраны невыпадкова – пры распрацоўцы іх спалучэнняў улічвалася мноства ўнікальных мясцовых асаблівасцей – напрыклад, прыродных: зелень паркаў Гомельшчыны, шэрань Палескіх балот, блакіт азёр Віцебшчыны і гэтак далей», ¬– патлумачыў Павел Вайніцкі.

 

Такім чынам, для інсталяцыі ў Брэсце выбрана спалучэнне зялёнага, розных адценняў сіняга, чырвонага і чорнага. Там яна будзе ўсталявана на перасячэнні вуліцы Савецкай і набярэжнай Францыска Скарыны. «МОВА» ў Віцебску, выканананая ў характэрных колерах творчага аб’яднання УНОВІС, з’явіцца перад мостам 1000-годдзя. Арт-аб’екты ў Гродне будуць жоўтага, розных адценняў сіняга, чырвонага і чорнага колераў – іх плануецца размясціць на Савецкай плошчы. На вуліцы Кірава ў Гомелі ўсталююць кампазіцыю з літар блакітнай, жоўтай, шэрай, чырвонай і чорнай расфарбоўкі. На Траецкай набярэжнай Магілёва – зялёнай, блакітнай, жоўтай, чырвонай і чорнай.

«Праект закліканы папулярызаваць родную мову, па-новаму раскрыць семантыку беларускага слова з дапамогай арт-аб'ектаў. Яго ўнікальнасць – у спалучэнні ўтылітарнай і мастацкай функцый трохмерных інсталяцый. Асобна варта адзначыць вялікі турыстычны патэнцыял праекта для ўсіх гарадоў, дзе кампазіцыі будуць усталяваныя», – адзначыў ініцыятар праекта «Веліч роднай мовы» Захар Дудзінскі.

 

Ва ўсіх гарадах арт-аб’екты з’явяцца ўвесну.