На «ТІБО-2023» А1 і Беларуская асацыяцыя камп’ютарнага спорту прадэманстравалі новы погляд на кіберспорт
На ХХIХ міжнародным ІКТ-форуме «ТІБО-2023», які праходзіў з 18 па 21 красавіка ў Мінску, кампанія А1 і Беларуская асацыяцыя камп’ютарнага спорту зрабілі стаўку на кіберспорт: аб’яднаны стэнд ператварыўся ў гульнявую пляцоўку для ўсіх прыхільнікаў камп’ютарных гульняў, а для саміх партнёраў удзел у найбуйнейшай ІТ-выставе краіны стаў прычынай яшчэ раз прыцягнуць увагу ўсіх зацікаўленых бакоў да развіцця і афіцыйнага прызнання кіберспорту.
За дні работы форуму на стэндзе А1 і Беларускай асацыяцыі камп’ютарнага спорту адбылося больш за 40 турніраў па 17 дысцыплінах: камп’ютарных (у прыватнасці, StarCraft II, Dota 2, CS:GO, Valorant, League of Legends), мабільных (Wild Rift, Brawl Stars, PUBG Mobile) і кансольных (FIFA, Tekken, Gran Turismo і інш.). Многія геймеры прыходзілі на рэгістрацыю ўжо гатовымі камандамі, але пры жаданні падаць заяўку на ўдзел у спаборніцтвах па любімай гульні і адчуць сябе сапраўднай зоркай кіберспорту мог любы наведвальнік «ТІБО».
Абстаноўку турніраў арганізатары пастараліся максімальна наблізіць да атмасферы буйных кіберспартыўных падзей. На стэндзе ў распараджэнне гульцоў было прапанавана гульнявое абсталяванне прафесійнага ўзроўню, а ход спаборніцтваў са змешчанай непасрэдна на стэндзе лайв-студыі асвятлялі запрошаныя каментатары.
Праграму ўдзелу партнёраў у «ТІБО-2023» дапоўнілі выступленні прадстаўнікоў кіберспартыўнай супольнасці, прысвечаныя розным аспектам развіцця сусветнай гульнявой індустрыі, а таксама найбольш прыкметным айчынным падзеям у гэтай сферы. Самай чаканай навіной застаецца прызнанне кіберспорту афіцыйным відам спорту. І, паводле слоў прадстаўнікоў Асацыяцыі, гэта можа адбыцца ўжо ў найбліжэйшай будучыні.
«Асацыяцыя робіць усё магчымае, каб кіберспорт у Беларусі атрымаў афіцыйны статус. Намі распрацаваная і паспяхова рэалізуецца профільная праграма развіцця камп’ютарнага спорту, разлічаная да 2025 года. На гэтым шляху мы актыўна ўзаемадзейнічаем з дзяржавай — у прыватнасці, з Міністэрствам спорту і турызму, Нацыянальным алімпійскім камітэтам, каб выпрацаваць адзіныя правілы гульні на гэтым рынку і вывесці аматарскі і паўпрафесійны геймінг, які існуе ў нашай краіне, на якасна новы ўзровень. І ў нас ёсць усе падставы разлічваць на тое, што гэтыя намаганні хутка прынясуць жаданы вынік», – пракаментаваў намеснік генеральнага дырэктара па лічбавых платформах і кантэнце кампаніі А1, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі камп’ютарнага спорту Антон Бладзік.
Акрамя ўдзелу ў турнірах і абмеркавання будучага кіберспорту ў Беларусі, наведвальнікі стэнда А1 і Беларускай асацыяцыі камп’ютарнага спорту мелі магчымасць пазнаёміцца з рознымі трэндамі гульнявой індустрыі – напрыклад, адчуць на сабе тэхналогіі віртуальнай рэальнасці, апрабаваць нядаўнія навінкі або проста пагуляць у любімыя гульні падчас Free to play.