На VOKA пакажуць адзін з найноўшых спектакляў Тэатра беларускай драматургіі «Сірожа»
25 лютага на відэасэрвісе VOKA адбудзецца трансляцыя спектакля «Сірожа» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Усе ахвотныя змогуць убачыць пастаноўку бясплатна і з любой кропкі Беларусі. Анлайн-паказ пачнецца а 19-й гадзіне.
Спектакль быў пастаўлены рэжысёрам і мастацкім кіраўніком тэатра Аляксандрам Гарцуевым па п'есе Юліі Чарняўскай у ліпені 2019 года. Усё пачынаецца з таго, што просты вясковы хлопец Сірожа пераязджае ў горад і засяляецца ў інтэрнат інстытута. У першай дзеі гэта 18-гадовы першакурснік філфака (Максім Брагінец), у другой – прарэктар універсітэта (Андрэй Дабравольскі).
Невыпадкова жанр спектакля акрэслены як жыццё ў дзвюх эпохах: за Сірожам і яго сябрамі з інтэрната глядач назірае спачатку ў 1980-я, а потым ужо ў 2000-я. І даведваецца, як час ды абставіны выпрабоўваюць кожнага на чалавечнасць і чаму людзі непарыўна звязаныя са сваім мінулым.
На апошнім Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які адбыўся ў лістападзе 2019 года, пастаноўку адзначылі дзвюма ўзнагародамі – «За найлепшую рэжысуру» (Аляксандр Гарцуеў) і «За найлепшую жаночую ролю» (Ганна Семяняка).
Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу максімальна паглыбіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў. Далучыцца да прагляду можна з любой прылады і ў сетцы любога аператара пасля аўтарызацыі ў прыкладанні VOKA ці на сайце voka.tv па нумары мабільнага тэлефона. Пасля прамога эфіру запіс пастаноўкі застанецца ў архіве відэасэрвісу і на працягу года будзе даступны яго карыстальнікам.
Паказ спектакля «Сірожа» працягвае серыю трансляцый у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, якія відэасэрвіс VOKA пачаў ладзіць у 2020-м годзе. Дзякуючы гэтаму гледачы ўжо змаглі ўбачыць анлайн-прэм’еру трагікамедыі «Профіт», святочную імпрэзу «Наш Караткевіч», прымеркаваную да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча, а таксама спектакль «Кар'ера доктара Рауса».