На VOKA адбудзецца анлайн-прэм'ера першага ў Беларусі спектакля ў віртуальнай рэальнасці
2 красавіка, у Сусветны дзень распаўсюджання інфармацыі аб праблеме аўтызму, на відэасэрвісе VOKA адбудзецца сусветная анлайн-прэм'ера спектакля «Агонь і Лёд». Да свайго пяцігоддзя Сямейны інклюзіў-тэатр «і» выпускае першую ў Беларусі пастаноўку, створаную з дапамогай тэхналогіі virtual production.
«Агонь і Лёд» – пластычны спектакль-прыпавесць кіраўніка тэатра Ірыны Пушкаровай і рэжысёра Генадзя Фаміна пра творчы пачатак чалавека, гісторыя пакаленняў, якія змяняюць адно аднаго, і кахання, што асвятляе ўсё вакол сябе. У цэнтры сюжэта – Майстар, які кожную працу робіць падобнай да сваёй Музы, але найлепшая з усіх – гэта іх дзеці і вучні, якія потым самі становяцца Майстрамі. Дзеянне пабудавана на імправізацыі, не тыпічнай для балета, які спалучаны тут з драматычным мастацтвам і жывой музыкай.
Тэхналогія virtual production, выкарыстаная для спектакля, дазваляе аб'яднаць віртуальную рэальнасць з жывымі людзьмі і сапраўднымі прадметамі. Для гэтага на сцэне ўсталяваны святлодыёдны экран, куды выводзяцца лічбавыя эфекты і 3D-дэкарацыі, створаныя кампаніяй BY Movie Production. Таму ўсе месцы дзеяння хоць і выдуманыя, але выглядаюць настолькі рэалістычна, быццам глядач разам з акцёрамі і музыкантамі перамяшчаецца ў прасторы.
2 красавіка а 19-й гадзіне прагляд спектакля будзе даступны ўсім ахвотным – бясплатна і з любой кропкі свету на сайце voka.tv альбо ў мабільным прыкладанні VOKA. Трэба толькі прайсці аўтарызацыю па нумары тэлефона.
«Агонь і Лёд» – спектакль-прысвячэнне выбітнай балерыне, народнай артыстцы Беларусі Ірыне Савельевай. Галоўную ролю ў пастаноўцы выконвае яе вучаніца – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Марына Вежнавец, якая танцуе ў пары са сваім сужэнцам – заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Юрыем Кавалёвым.
Таксама ў спектаклі гледачы ўбачаць артыстку балета Кацярыну Зіноўеву-Правалінскую і акцёра Міхаіла Самусенка, рэжысёраў, педагогаў, акцёраў Сямейнага інклюзіў-тэатра «і» і квінтэт музыкантаў: Аляксандру Сандлер, (клавішы), Карэна Карапецяна (скрыпка), Антона Машкала (флейта), Багдана Даўгяла (віяланчэль), Данііла Залескага (ударныя, перкусія).
Пасля анлайн-прэм'еры 24 красавіка на сцэне Палаца культуры Мінскага аўтамабільнага завода адбудзецца афлайн-паказ спектакля «Агонь і Лёд». Білеты можна набыць на сайце аператара kvitki.by. Тэлефон для даведак: +37529 622-20-90.
Сямейны інклюзіў-тэатр «i» створаны ў 2016 годзе на базе Творчай студыі Ірыны Пушкаровай пры генеральнай падтрымцы кампаніі А1. За пяць гадоў тут было выпушчана восем спектакляў, якія дапамаглі рэалізаваць свой творчы патэнцыял дзецям з аўтызмам.