Анлайн-прэм'ера на VOKA: новы спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі пакажуць у прамым эфіры | Навiны | Пра кампанію

Анлайн-прэм'ера на VOKA: новы спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі пакажуць у прамым эфіры

6 красавіка відэасэрвіс VOKA пакажа трансляцыю новага спектакля Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і Цэнтра беларускай драматургіі «Вечар». Прамы эфір будзе бясплатна даступны для гледачоў па ўсім свеце і пачнецца а 19:00 па мінскім часе.

 

Спектакль «Вечар» быў пастаўлены па адным з самых вядомых твораў беларускага драматурга Аляксея Дударава ў студзені гэтага года. Па сюжэце трое старых — пазнавальныя героі Васіль, Ганна і Мікіта (па мянушцы Гастрыт) — жывуць у адной вёсцы і разам бавяць час: дзеці з'ехалі, і вакол нікога няма, акрамя Сонца, Неба, Зямлі і старога радыё. Смешная і лірычная гісторыя самотных старых, іх кахання, сяброўства і бацькоўства застаецца актуальнай і ў наш час.

 

Ролі выконваюць: народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель, Ганна Анісенка, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў, Ігар Сідорчык, Надзея Цвяткова, Ганна Лебедзева, Сцяпан Краўчук.

 

У спектаклі гучаць народныя песні і калыханкі, запісаныя ад Веры Кірылаўны Мархель з вёскі Шпакоўшчына.

 

Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу максімальна пагрузіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў.

 

Далучыцца да прагляду 6 красавіка можна а 19:00 з любой прылады ў дадатку VOKA або на сайце voka.tv — бясплатна з аўтарызацыяй з любой кропкі свету.

 

Паказ спектакля «Вечар» працягвае серыю прамых трансляцый з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, якія відэасэрвіс VOKA пачаў праводзіць у 2020 годзе.