Вызначаны сем пераможцаў экалагічнага конкурсу «Энэргія сонца для Зялёных школ» | Навiны | Пра кампанію

Вызначаны сем пераможцаў экалагічнага конкурсу «Энэргія сонца для Зялёных школ»

Падведзены вынікі экалагічнага конкурсу «Энэргія сонца для Зялёных школ». Вызначаны сем «зялёных школ» – па адной у кожнай вобласці Беларусі і ў Мінску – у якіх кампанія А1 усталюе панэлі, што пераўтвараюць сонечную энэргію ў электрычную. Конкурс праводзіўся А1 у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Праграмай Развіцця ААН у Беларусі сярод устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

 

Для ўдзелу ў праекце «Энэргія сонца для Зялёных школ» паступіла каля трох дзясяткаў заявак. Дапускаліся толькі ўстановы, якія з’яўляюцца ўладальнікамі спецыяльнага дыплома «Зялёнай школы». Канкурсанты павінны былі расказаць пра свой вопыт рэалізацыі экалагічных і экасацыяльных праграм, акцый і праектаў, падзяліцца доўгатэрміновымі планамі ў гэтым кірунку, прывесці прыклады далучэння педагогаў і навучэнцаў да вырашэння актуальных экалагічных праблем.

Вынікі конкурсу падводзіла журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, ПРААН, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства і кампаніі А1. Пасля падліку балаў, набраных удзельнікамі, было вызначана сем школ-пераможцаў: па адной у кожнай вобласці Беларусі, а таксама ў Мінску.

 

Максімальную колькасць балаў у конкурсе «Энэргія сонца для Зялёных школ» набраў Кобрынскі раённы цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства з Брэсцкай вобласці. Іншыя рэгіёны таксама паказалі выдатныя вынікі. Спіс пераможцаў дапоўнілі:

  • Віцебская вобласць – сярэдняя школа №16 г. Оршы;
  • Гомельская вобласць – Уцеўская сярэдняя школа Добрушскага раёна;
  • Гродзенская вобласць – гімназія г. Смаргонь;
  • Мінская вобласць – Барысаўскі цэнтр экалогіі і турызму;
  • Магілёўская вобласць – сярэдняя школа № 3 г. Асіповічы;
  • Мінск – Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў.

 

У кожнай з устаноў-пераможцаў кампанія А1 забяспечыць усталёўку камплектаў спецыяльнага абсталявання для пераўтварэння сонечнай энэргіі ў электрычную, а таксама для нагляднай дэманстрацыі вынікаў работы сонца школьнікам.

 

Конкурс «Энэргія сонца для Зялёных школ» – гэта не першая ініцыятыва А1 ў галіне аднаўляльных крыніц энэргіі, якая звяртае ўвагу на эфектыўнасць укаранення такога роду рашэнняў. З 2016 года ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці функцыянуе сонечная электрастанцыя з 85 тысяч сонечных панэляў, узведзеная на сродкі кампаніі.