Ад уласнага смартфона да «разумнага дома»: A1 падзяліўся сваімі планамі | Навiны | Пра кампанію

Ад уласнага смартфона да «разумнага дома»: A1 падзяліўся сваімі планамі

Завяршыўшы працэс рэбрэндынгу, правайдар телекам-, ІКТ- і кантэнт-паслуг A1 прэзентаваў новыя прадукты і акрэсліў прыярытэтныя накірункі развіцця кампаніі.

 

З 12 жніўня 2019 года кампанія канчаткова перайшла да выкарыстання ў аперацыйнай дзейнасці брэнда А1. Такім чынам, на сённяшні дзень кліентам кампаніі даступныя паслугі мабільнай і фіксаванай сувязі, воблачнага сховішча і апрацоўкі дадзеных, інтэрактыўнага тэлебачання, а таксама забаўляльны кантэнт ад аднаго правайдара.

 

Адна з ключавых навінаў пасля рэбрэндынгу – старт продажаў смартфона пад уласным брэндам «А1 Альфа». Мабільная прылада вылучаецца сучасным дызайнам, вялікім 6,26-цалевым экранам, двайной асноўнай камерай 13+2 Мп з падтрымкай тэхналогіі штучнага інтэлекту, а таксама вялікім аб'ёмам убудаванай памяці на 64 ГБ з магчымасцю пашырэння да 256 ГБ. Акрамя таго, афіцыйная гарантыя на прыладу павялічана ў параўнанні з гарантыяй на іншыя мадэлі і складае 24 месяцы, дазваляючы карыстальнікам быць упэўненымі ў сваёй пакупцы ўдвая даўжэй. Даступныя колеры корпуса смартфона – чорны і бірузовы.

Навінка можа працаваць у сетках усіх беларускіх аператараў. Пры гэтым для абанентаў А1 прадугледжаны асаблівыя ўмовы: магчымасць набыць смартфон у растэрміноўку да 30 месяцаў са штомесяцовым унёскам ад 9,9 рубля, а таксама спецыяльная цана 199 рублёў пры куплі аднаразовым плацяжом.

 

Акрамя таго, з 12 жніўня 2019 года абаненты А1 першымі ў Беларусі змогуць падлучыць да сваіх прыладаў eSIM – віртуальныя лічбавыя SIM-карткі новага пакалення. Цяпер пры куплі новага смартфона з падтрымкай eSIM дастаткова будзе толькі актываваць саму прыладу і адсканаваць спецыяльны QR-код аператара. Усяго некалькі клікаў для наладак – і абанент зможа карыстацца паслугамі мабільнай сувязі А1. Пры гэтым спіс такіх прыладаў пашыраецца па меры з'яўлення навінак ад вядучых вытворцаў. Для падлучэння еSIM на дадзеным этапе ўкаранення тэхналогіі абаненту неабходна наведаць любы фірмовы цэнтр продажаў і абслугоўвання А1 альбо замовіць eSIM ў інтэрнэт-краме А1 разам са смартфонам або планшэтам, які падтрымлівае новую тэхналогію.

 

Яшчэ адной цікавай прапановай для кліентаў стаўся запуск зручнага мабільнага дадатку «Мой А1». З яго дапамогай абаненты змогуць самастойна атрымліваць доступ да інфармацыі пра свой баланс і рэшту хвілін і трафіку, кіраваць падлучанымі паслугамі і дадаваць новыя. А ў бліжэйшы час A1 прэзентуе сваю новую паслугу – «А1 Разумны дом». Пасля яе з'яўлення звычайны смартфон ператворыцца ў зручны інструмент кіравання домам: паклапоціцца пра камфорт, бяспеку людзей і маёмасці, дапаможа эканоміць электраэнергію і спросціць штодзённую руціну, узяўшы на сябе кіраванне «разумнай» бытавой тэхнікай у аўтаматычным рэжыме на аснове карыстальніцкіх сцэнараў.

Азнаёміцца з новымі прапановамі і прадуктамі кампаніі можна ў фірмовых крамах або дэталёва пратэсціраваць у цэнтры лічбавых паслуг А1 у Мінску (вул. Інтэрнацыянальная, 36) – першай краме кампаніі новага фармату, якая прапануе наведвальнікам адмысловы карыстальніцкі досвед. Акрамя абсталявання тут прапанаваны паслугі мабільнай сувязі і фіксаванага інтэрнэту для прыватных і карпаратыўных кліентаў, інтэрактыўнае тэлебачанне VOKA. Акрамя гэтага, у цэнтры лічбавых паслуг А1 можна атрымаць інфармацыю пра інавацыйныя ІКТ-паслугі для бізнесу.

 

У сваіх планах кампанія A1 робіць стаўку на канвергентнасць – аб'яднанне паасобных паслуг у комплексную прапанову ад аднаго правайдара. Такім жа чынам кампанія будзе развіваць сэрвісы для бізнесу. Сёння А1 забяспечвае карпаратыўных кліентаў не толькі мабільнай сувяззю і інтэрнэтам, але і шырокім пакетам паслуг для бізнесу любога маштабу, найперш канцэнтруючы ўвагу на бяспецы. Так, напрыклад, дата-цэнтр кампаніі – адзін з найбуйнейшых у Беларусі – нядаўна пацвердзіў адпаведнасць стандарту інфармацыйнай бяспекі ISO 27001.

Адначасова A1 плануе актыўна развіваць сферу забаўляльнага кантэнту на базе відэасэрвісу VOKА. У ноч з 11 на 12 жніўня папулярны ў мінчукоў мультыплекс velcom cinema ў ГЗЦ Dana Mall змяніў імя і візуальнае афармленне на VOKA CINEMA. А ў дзень юбілею відэасэрвісу – 16 жніўня яму спаўняецца 5 гадоў – у шасці залах VOKA CINEMA пройдзе спецыяльны святочны паказ для кліентаў, якія атрымалі запрашальнікі. Акрамя таго, VOKA цэлы месяц будзе дарыць падарункі як дзеючым кліентам, так і новым. А неўзабаве ў VOKA CINEMA можна будзе глядзець кіно ў панарамным фармаце: пасля рэканструкцыі адна з залаў ператворыцца ў першую ў Беларусі кіназалу ScreenX.

 

Да таго ж, з верасня 2019 года сумесна з сеткай кінатэатраў Silver Screen VOKA запускае праект па лакалізацыі фільмаў для беларускага рынку і іх перакладзе на беларускую мову.

 

Усю інфармацыю пра кампанію, яе паслугі і інавацыі па-ранейшаму можна будзе знайсці ў інтэрнэце – але ўжо па новым адрасе: A1.by. Нумар кантакт-цэнтра цяпер станецца адзіным – 150.