#Падумайце5секунд: А1 падзяліўся парадамі па кібербяспецы на Злёце «срэбных» валанцёраў
У Мінску адбыўся Злёт «срэбных» валанцёраў – мерапрыемства, арганізаванае Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь сумесна з Фондам ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА). Прадстаўнікі кампаніі А1 правялі навучальную сесію па кібербяспецы з фокусам на абарону ад інтэрнэт- і тэлефоннага махлярства. Навучанне адбылося ў рамках праекта #яанлайн і агульнанацыянальнай інфармацыйнай кампаніі #Падумайце5секунд.
Інтэрнэт- і тэлефоннае махлярства застаецца адной з найбольш прыметных пагроз у лічбавым асяроддзі: зламыснікі пастаянна абнаўляюць свае схемы, спалучаючы псіхалагічныя прыёмы, падмену нумароў і фішынгавыя паведамленні. Напярэдадні святаў такія спробы падману становяцца асабліва актыўнымі, што робіць пытанні лічбавай пісьменнасці і бяспечных паводзін у сеціве яшчэ больш актуальнымі. Менавіта таму тэма кібербяспекі была ўключана ў праграму Злёту «срэбных» валанцёраў як частка працы па прафілактыцы махлярства.

Падчас навучання эксперт А1 расказаў удзельнікам сустрэчы, як распазнаць махляроў у інтэрнэце, чаму яны прадстаўляюцца супрацоўнікамі буйных кампаній ці дзяржаўных органаў, чым могуць быць небяспечныя анлайн-розыгрышы і латарэі, як напярэдадні калядных святаў не набыць несапраўдны білет на мерапрыемства і якіх правіл бяспекі варта трымацца.
Каб важная інфармацыя заўсёды была пад рукой у людзей старэйшага ўзросту, кампанія A1 у супрацы з Фондам ААН у галіне народанасельніцтва і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны распрацавала памятку, якую можна спампаваць на сайце safety.a1.by або атрымаць у друкаваным выглядзе ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па ўсёй Беларусі.

Увосень мінулага года A1 запусціў агульнанацыянальную інфармацыйную кампанію #Падумайце5секунд, каб праінфармаваць як мага больш людзей пра спосабы абароны сваіх асабістых даных і нагадаць пра тое, як важна ўзяць паўзу і не спяшацца выконваць просьбы незнаёмцаў. З моманту запуску кампаніі больш за 1000 сацыяльных работнікаў, «срэбных» валанцёраў і людзей старэйшага ўзросту паспяхова прайшлі навучанне па кібербяспецы і цяпер дзеляцца гэтай інфармацыяй з іншымі.