Пры падтрымцы А1 адбываюцца мерапрыемствы да 100-годдзя сусветна вядомага мастацкага аб'яднання УНОВІС
У Беларусі стартаваў шэраг мерапрыемстваў да 100-годдзя сусветна вядомага мастацкага аб'яднання УНОВІС з Віцебска. Іх ініцыятарам выступае Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны і Музей гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні пры падтрымцы кампаніі А1. Праграму адкрыла першае ў Беларусі ўручэнне прэстыжнай узнагароды – Міжнароднай прэміі імя Лазара Хідэкеля. Сям'я знакамітага архітэктара спецыяльна прыехала ў Мінск з Нью-Ёрка, каб уручыць узнагароду асабіста, а таксама анансаваць праграму мерапрыемстваў да 100-годдзя УНОВІСа.
У лютым 2020 года ў Мінску адкрыецца першая ў Беларусі выстава працаў Лазара Хідэкеля, якая стане адной з найбуйнейшых у гісторыі. Для выставы ў Мінск прывязуць каля сотні твораў з архіва сям'і Хідэкеляў: эскізы касмічнага жытла, футурыстычныя планы «Горада-саду», «Аэрагорада», «Аквагорада», а таксама ўнікальныя дакументы УНОВІСа. Напярэдадні 100-гадовага юбілею ў Музеі гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні пройдзе прадстаўнічая міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная гэтай даце і гісторыі аб'яднання.
Першы супрэматычны архітэктар-наватар, мастак, ¬яскравы прадстаўнік авангарду – так апісваюць Лазара Хідэкеля сёння. Ён нарадзіўся ў Віцебску, вучыўся ў народнай мастацкай вучэльні ў Марка Шагала, Эль Лісіцкага і Казіміра Малевіча. Неўзабаве Лазар Хідэкель сам стаў адным з тых мастакоў, дзякуючы якім ўсяго за некалькі гадоў – з 1920 па 1923 – гэты горад ператварыўся ў цэнтр сусветнага авангарду. Ён прысвяціў сваё жыццё архітэктуры і ўвайшоў у гісторыю як чалавек, які апярэдзіў час.
«Падтрымка мерапрыемстваў да 100-годдзя УНОВІС для кампаніі A1 – гэта магчымасць падкрэсліць важнасць дасягненняў гэтага перыяду для нацыянальнай культуры. Многія інавацыйныя і перадавыя ідэі прапанавалі выхадцы з аб'яднання УНОВІС у Віцебску яшчэ да таго, як нешта падобнае было створана ў іншых краінах. Таму нам здаецца асабліва важным вяртаць гэту мастацкую і інтэлектуальную спадчыну ў Беларусь, а таксама нагадваць пра тое, што звязвае нашу краіну з агульнасусветным культурным кантэкстам. І мы вельмі рады, што гэты маштабны праект пачынаецца з уручэння прэміі імя Лазара Хідэкеля і візіту ў Мінск яго нашчадкаў», – адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі A1 Мікалай Брэдзелеў.
«Імя Лазара Хідэкеля добра вядома ва ўсім свеце. Мы вельмі хочам, каб яно гучала ў як мага больш шырокім коле і ў нашай краіне, а беларусы ганарыліся ім. Выставы яго працаў праходзяць у музеях Нью-Ёрка, Лондана, Цюрыха і іншых гарадоў свету, але ў Беларусі іх яшчэ ніколі не паказвалі. Мы шчаслівыя, што пры падтрымцы нашых партнёраў, кампаніі A1 гэта нарэшце адбудзецца, з удзелам яго сям'і, якая доўгія гады беражліва захоўвала цудам ацалелы архіў Хідэкеля і УНОВІС. Сам ён казаў, яшчэ ў 1920-1930-я гады ствараючы праекты гарадоў над вадой і касмічных паселішчаў, што будзе зразуметы праз сто гадоў. Сімвалічна і невыпадкова тое, што ў Беларусі пра яго ўспомняць менавіта праз стагоддзе, бо менавіта на гэтай зямлі зарадзіліся яго інавацыйныя ідэі», – пракаментавала заснавальніца Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны Майя Кацнельсон.
«Яшчэ гадоў 30 таму ў свеце не ведалі імя Малевіча, але цяпер ён і яго ідэі прызнаныя. Прыходзіць і час Хідэкеля. Пры жыцці ў яго ні разу не было персанальнай выставы. З канца 1930-х гадоў на доўгія гады яго авангардныя праекты былі забытыя і адкрыты нанова толькі ў 1970-я, а ён марыў пра яе, рыхтаваўся і рабіў запісы, якія так і называліся – «Да маёй выставы». Цяпер музейных куратараў цікавяць не толькі яго мастацкія працы, але і архітэктурныя праекты гарадоў будучыні, у якіх чалавек знаходзіцца з прыродай у гармоніі. І мы з нецярпеннем чакаем магчымасці паказаць іх у Беларусі», – дадала Рэгіна Хідэкель.
У 2013 годзе Таварыства Лазара Хідэкеля, якое займаецца яго спадчынай, заснавала спецыяльную прэмію для сучасных аўтараў, якія працягваюць развіваць ідэі славутага архітэктара. Міжнародная прэмія імя Лазара Хідэкеля штогод уручаецца за інавацыйныя і экалагічныя рашэнні ў архітэктурных праектах. Узнагарода ўручаецца ў розных гарадах свету. Сёлета, напярэдадні 100-годдзя УНОВІСа, цырымонія ўпершыню адбылася ў Мінску пры падтрымцы кампаніі А1. Журы вызначала адразу трох пераможцаў – па адным ад кожнага з конкурсаў, якія праводзіліся ў рамках фестывалю «Архітэктурная восень-2019».
Першы – Мінскі міжнародны біенале маладых архітэктараў «Леанарда». Сярод яго ўдзельнікаў адзначаны калектыў студыі WXCA з Варшавы. Архітэктары распрацавалі праект польскага павільёна для сусветнай выставы «ЭКСПА-2020», якая пройдзе ў Дубаі з 20 кастрычніка 2020 па 10 красавіка 2021. Яго канструкцыя зроблена з драўляных скрынь, якія нагадваюць транспартныя кантэйнеры, аточаныя сталёвымі прутамі з папяровымі птушкамі – так аўтары аб'ядналі тэму прыроды і тэхналогій, авіяцыйную прамысловасць Польшчы і яе тэрыторыю як месца пражывання еўрапейскіх пералётных птушак.
Яшчэ па адным лаўрэаце выбіралі з пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу дыпломных праектаў сярод студэнтаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ. За праект тэхнічнага цэнтра аўтамотаспорту ў Раўбічах прыз прысудзілі Сяргею Быкаву з Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. За канцэпцыю стварэння архітэктурна-археалагічнага комплексу на плошчы 1000-годдзя ў Віцебску – Аляксандры Арасланавай з Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа.
«Мы прагледзелі каля сотні працаў, і іх узровень вельмі высокі. У кожнага з сябраў журы ёсць свае крытэры ацэнкі, але ўсе сыходзімся ў галоўным – адзначаем менавіта інавацыйны і экалагічны падыход у працах. Тэма ж экалогіі ў жыццёвым прасторы людзей была запатрабавана з тых часоў, як паўстала чалавецтва, але ўпершыню сфармуляваў яе менавіта мой бацька – у маніфесце «АЭРА» ў 1920 годзе. Там было сказана, што задача архітэктара – абараніць чалавека ад стыхійных бедстваў і захаваць зямлю некранутай, каб перадаць яе наступным пакаленням. Сёння мы бачым, што моладзь ўсё больш таксама стала звяртацца да гэтай тэмы, таму ў нас узнікла ідэя заахвочваць тых, хто глядзіць у будучыню вачыма супрэматыста. Напярэдадні 100-годдзя УНОВІСа наша ўвага была накіравана на Беларусь, таму цалкам натуральна, што Прэмія прыйшла на тую зямлю, якая і нарадзіла ўсе гэтыя ідэі», – растлумачыў Марк Хідэкель – архітэктар і дызайнер, старшыня Таварыства Лазара Хідэкеля і журы Прэміі.
13 кастрычніка сям'я Лазара Хідэкеля наведала Віцебск. Марк Хідэкель таксама выступіць у Мінску з лекцыямі для студэнтаў і практыкуючых спецыялістаў у рамках праграмы фестывалю «Архітэктурная восень – 2019».