Пры ўдзеле А1 падпісана дэкларацыя аб развіцці 5G паміж Аўстрыяй і Беларуссю
12 лістапада ў Вене адбылося падпісанне сумеснай дэкларацыі па ўмацаванні супрацоўніцтва ў сферы сувязі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і развіцця тэхналогіі 5G паміж Аўстрыяй і Беларуссю.
Дакументам прадугледжана, што Аўстрыя будзе садзейнічаць выкарыстанню існуючых інструментаў у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для паскарэння развіцця шырокапалоснай сувязі і лічбавых тэхналогій, уключаючы 5G. Акрамя гэтага, прадугледжана кансультатыўная дапамога Беларусі ў распрацоўцы нарматыўна-прававой базы для канкурэнтнага і спрыяльнага інвестыцыйнага асяроддзя.
«Прыемна адзначыць, што працэс распрацоўкі «дарожнай карты» па разгортванні сеткі 5G у Беларусі не стаіць на месцы і што высунутыя намі прапановы сталі прадметам вывучэння з боку прадстаўнікоў беларускага ўрада. Мы вітаем прынятае беларускім рэгулятарам рашэнне аб шчыльным супрацоўніцтве з аўстрыйскім бокам па пытанні развіцця канкурэнтнага асяроддзя ў галіне ІКТ, у прыватнасці ўкаранення ў Беларусі стандарту сувязі 5G. Сёння Аўстрыя ўваходзіць у лік лідараў у Еўропе па своечасовасці правядзення аўкцыёну па продажы частот для 5G, аб'ёме частот і ўцягнутасці аператараў сувязі. Гэты досвед, несумненна, быў бы карысны беларускаму боку», — адзначыў старшыня праўлення кампаніі SBТ, заснавальніка Унітарнага прадпрыемства «А1» Алехандра Платэр.
Сёння А1 вядзе распрацоўку архітэктуры сеткі 5G, вызначана пачатковая колькасць базавых станцый, якія могуць выкарыстоўвацца для эфектыўнага пакрыцця. Акрамя гэтага, яшчэ ў 2018 годзе кампанія А1 падала заяўку на вылучэнне на камерцыйных умовах, роўных для ўсіх інвестараў, радыёчастотнага спектру, які адказвае патрабаванням міжнародных стандартаў 5G.
«Холдынг А1 Telekom Austria Group, часткай якога з'яўляецца наша кампанія, неаднаразова заяўляў пра сваю гатоўнасць падключыцца да рэалізацыі гэтага праекта — у тым ліку аказаўшы яму неабходную інвестыцыйную падтрымку. І гэтыя планы па сённяшні дзень застаюцца нязменнымі: А1 Telekom Austria Group шчыра зацікаўлена ў больш хуткім прыходзе 5G у Беларусь і гатова прапанаваць наяўныя ў яе веды, вопыт і магчымасці для паспяховага ўкаранення гэтага перадавога стандарту сувязі», — адзначыў генеральны дырэктар кампаніі А1 Гельмут Дуз.