Стартаваў продаж квіткоў на «Венскі баль з А1 у Купалаўскім» | Навiны | Пра кампанію

Стартаваў продаж квіткоў на «Венскі баль з А1 у Купалаўскім»

Квіткі на першы ў Беларусі венскі баль можна купіць з 6 лістапада. Колькасць абмежавана – усяго будзе прададзена 250 квіткоў. Арганізатарамі «Венскага балю з А1 у Купалаўскім» выступаюць кампанія А1 і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы пад патранатам Пасольства Аўстрыі ў Рэспубліцы Беларусь.

 

«Венскі баль з А1 у Купалаўскім» адбудзецца 14 снежня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Набыць квіткі на «Венскі баль з А1 у Купалаўскім» можа любы жадаючы старэйшы за 18 гадоў – у касах тэатра, на сайце kupalauski.by, а таксама ва ўсіх білетных аператараў Беларусі. Убачыць падзеі танцавальнага вечара на свае вочы таксама можна будзе ў прамой трансляцыі на платформе VOKA.

 

Кошт квітка на мерапрыемства складае 250 рублёў, 50% выручаных ад продажу квіткоў сродкаў будзе накіравана на падтрымку працы грамадскага аб'яднання «SOS-дзіцячыя вёскі Беларусь».

 

Госці вечара атрымаюць магчымасць танцаваць пад суправаджэнне Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, прыняць удзел у салонных гульнях, паслухаць музычную праграму ў выкананні аркестра Купалаўскага тэатра, таксама для іх прадугледжаны напоі і фуршэтныя закускі.

 

Для ўсіх удзельнікаў і ўдзельніц «Венскага балю з А1 у Купалаўскім» будзе дзейнічаць дрэс-код – Black Tie і вячэрняя сукенка ў падлогу адпаведна. Збор гасцей на мерапрыемства пачнецца ў 20:00, ўрачыстая цырымонія адкрыцця прызначана на 22:00.