«Тры Жызэлі» па адной рэальнай гісторыі: у эфіры VOKA пакажуць папулярны беларускі спектакль | Навiны | Пра кампанію

«Тры Жызэлі» па адной рэальнай гісторыі: у эфіры VOKA пакажуць папулярны беларускі спектакль

27 красавіка ў эфіры VOKA пакажуць спектакль «Тры Жызэлі» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Трансляцыя пачнецца а 19-й гадзіне па мінскім часе і будзе бясплатна даступна гледачам з любой кропкі свету.

 

Сюжэт спектакля заснаваны на рэальнай гісторыі францужанкі Жызэль Купэс-Шурыгінай, якую напрыканцы 1990-х расказвалі ўсе рускамоўныя СМІ. У гады Другой сусветнай вайны дзяўчына была ўдзельніцай французскага Супраціўлення, выратавала жыццё рускаму афіцэру, выйшла за яго замуж, нарадзіла дачку і паехала з мужам у Самару. Ён трапіў у турму і пасля вызвалення ў сям’ю не вярнуўся, а яна так і не змагла з’ехаць у Францыю.

 

Драматург Андрэй Курэйчык напісаў па матывах гэтых падзей п’есу, дзе адразу тры галоўныя гераіні: Жызэль вясенняя – 18-гадовая, з марамі пра балет і жыццём у Парыжы, Жызэль летняя – 35-гадовая і ўжо жыхарка беларускай вёскі Карзуны, Жызэль асенняя – 77-гадовая і па-ранейшаму адарваная ад радзімы.

 

Нягледзячы на тое, што «Тры Жызэлі» ў пастаноўцы рэжысёра Аляксандра Гарцуева ідуць у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі з 2013 года, папулярнасць спектакля застаецца нязменнай – гэта кранальная і драматычная гісторыя з сезона ў сезон заваёўвае сэрцы гледачоў.

 

Далучыцца да прагляду 27 красавіка можна з любой прылады і ў сетцы любога мабільнага аператара пасля аўтарызацыі ў прыкладанні VOKA ці на сайце voka.tv па нумары мабільнага тэлефона. Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу максімальна паглыбіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў.

 

Паказ спектакля «Тры Жызэлі» працягвае серыю трансляцый у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, якія відэасэрвіс VOKA пачаў праводзіць у 2020 годзе. Дзякуючы гэтаму гледачы ўжо змаглі ўбачыць анлайн-прэм’еру трагікамедыі «Профіт», спектаклі «Кар’ера доктара Рауса», «Сірожа» і «Шлюб з ветрам», а таксама святочны вечар «Наш Караткевіч», прымеркаваны да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча.