Удзельнікі марафону «24 РАЗАМ» пры падтрымцы VOKA прабеглі і праплылі больш за 12 000 гадзін у дапамогу дзецям | Навiны | Пра кампанію

Удзельнікі марафону «24 РАЗАМ» пры падтрымцы VOKA прабеглі і праплылі больш за 12 000 гадзін у дапамогу дзецям

Па выніках 24-гадзіннага дабрачыннага марафону «24 РАЗАМ» у дапамогу дзецям з аўтызмам, які прайшоў 16-17 жніўня, беларусы прабеглі і праплылі агулам больш за 12 100 гадзін. Гэта сумарны час, які правялі на бегавых і плавальных дарожках удзельнікі 24-гадзіннага марафону ў Беларусі і за яе межамі. А гэта значыць, што дабрачынная дапамога ад відэасэрвіса VOKA на суму 50 000 рублёў будзе аказаная міжнароднай дабрачыннай арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі».

Гэтыя сродкі будуць накіраваныя на рэалізацыю праекта «Спорт-інклюзія», які курыруе знакамітая плыўчыха Аляксандра Герасіменя. Яго мэта – стварэнне інклюзіўных спартыўных праграм, якія мяркуюць сумесную падрыхтоўку нейратыповых дзяцей і дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

 

«Мы не маглі застацца ў баку ад такога важнага і патрэбнага праекта. Марафон «24 РАЗАМ» ад самага пачатку суправаджала неперадавальная атмасфера высакароднага ўдзелу. Гэта і парыў, з якім нашы зоркі спорту заклікалі ўсіх беларусаў прабегчы і праплысці ў дапамогу дзецям, і тыя рэкорды, якія ставілі нашы бегуны і плаўцы ў дзень 24-гадзіннага марафону. І ўсё гэта зроблена ў рамках вялікай добрай справы, якая паказала, што беларусы ўмеюць дапамагаць!», – заявіў Антон Бладзік,намеснік генеральнага дырэктара па лічбавых платформах і кантэнце кампаніі А1.

Каб узяць удзел у 24-гадзінным марафоне, дастаткова было прабегчы ў любым месцы ці праплысці ў любым басейне, адзначыўшы працягласць забегу ці заплыву з дапамогай любога фітнес-дадатку і змясціўшы скрыншот на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках з хэштэгам #VOKA24. Акрамя гэтага, 24-гадзінны бег быў арганізаваны на стадыёне РЦАП па лёгкай атлетыцы ў Мінску, а заплыў – у басейне САК «Трактар».

У выніку тысячы людзей падзяліліся ў сацыяльных сетках сваімі вынікамі і істотна папоўнілі скарбонку дабрачыннага марафону. А непасрэднымі ўдзельнікамі забегу на стадыёне РЦАП па лёгкай атлетыцы сталі больш за 2000 чалавек, многія з якіх бегалі нон-стоп на працягу ўсіх 24-гадзін. Так, у асабістым першынстве самы важкі ўнёсак у скарбонку марафону зрабіў Пётр Рагойша – ён прабег 172 кіламетры, вялікія дыстанцыі ў Аляксея Лявонава – 101 км, Сяргея Шчурко – 54 км. Не адсталі ад мужчын і бягунні – Вольга Вараб'ёва прабегла больш за 50 км, Тамара Ермакова – больш за 42 км, Вераніка Маісеева – больш за 40 км. Пераможцы атрымалі падзяку ў выглядзе каштоўных прызоў ад Xiaomi і тэлеканала «ЖЫВІ!».

Больш за ўсё кіламетраў за суткі пераадолела каманда трыятлоннага клуба «Трыстайл» – 283 км. Самым масавым стаў удзел каманды самой Аляксандры Герасімені – агулам у бегу і плаванні ўзялі ўдзел 314 чалавек, у тройку лідараў таксама ўвайшлі ХК «Дынама» 159 чалавек і каманда «Прэсбола» – 122 удзельнікі. Разам са сваёй шматлікай камандай прыйшла падтрымаць марафон «24 РАЗАМ» і праслаўленая біятланістка Дар'я Домрачава.

Брала ўдзел у забегу і каманда вядомай тэнісісткі Аляксандры Сасновіч. Больш за 15 яе ўдзельнікаў прыйшлі на стадыён у Мінску. Сама Аляксандра падтрымала сваю каманду з Нью-Ёрка і разам са сваім трэнерам прабегла дыстанцыю па вячэрнім горадзе. Падтрымалі Аляксандру і яе заўзятары па ўсім свеце: вынікі забегаў з хэштэгам #RunwithSasha прыходзілі з Нідэрландаў і нават з Кітая. Агульны ўнёсак каманды Аляксандры Сасновіч у марафон «24 РАЗАМ» склаў 1288 хвілін!

 

У плавальнай частцы марафону ўзялі ўдзел больш за 500 чалавек. Многія з іх плавалі па некалькі гадзін. Значнымі вынікамі адзначыліся Андрэй Ванін, Раман Касціцын, Павел Мусалямаў, Юрый Свістуноў, Наталля Слабадзянюк, Кірыл Пяшкоў, Вольга Назарава і іншыя плаўцы, якія правялі шматгадзінныя заплывы ў дапамогу дзецям.

«Мы ўдзячныя кожнаму ўдзельніку, які падтрымаў наш праект. З вашай дапамогай мы змаглі сабраць вялікую суму дабрачыннай дапамогі ад відэасэрвіса VOKA, якая пойдзе на добрую справу – дапамогу дзецям з аўтызмам. Мы стараемся дапамагчы ім знайсці сваё месца ў грамадстве, займацца спортам і проста жыць, не адчуваючы сябе асаблівымі. І мы вельмі ўдзячныя нашым дабрачынным партнёрам за падтрымку», – заявіла Аляксандра Герасіменя, ініцыятар дабрачыннага праекта «24 РАЗАМ», адразу пасля свайго апошняга заплыву, які адбыўся 17 жніўня ў рамках марафону.