У SOS-Дзіцячай вёсцы Бараўляны з'явіліся 160 дрэў па выніках акцыі «100 гадзін з А1» | Навiны | Пра кампанію

У SOS-Дзіцячай вёсцы Бараўляны з'явіліся 160 дрэў па выніках акцыі «100 гадзін з А1»

У SOS-Дзіцячай вёсцы Бараўляны высадзілі 160 дрэў і кустоўяў. Кожны з саджанцаў – гэта ўзнагарода для самых актыўных удзельнікаў дабрачыннай акцыі «100 гадзін з А1», якія за 50 дзён трэніраваліся не менш за 100 гадзін. Імёны і прозвішчы ўсіх рэкардсменаў названыя на спецыяльнай таблічцы, усталяванай у новай зялёнай зоне.

 

 

Цяперашні сезон акцыі «100 гадзін з А1» быў цесна звязаны з экалогіяй. Калі ўдзельнікам удалося дасягнуць галоўнай агульнай мэты – 50 000 гадзін трэніровак, кампанія А1 аказала спонсарскую дапамогу Міжнароднай грамадскай арганізацыі «SOS-Дзіцячыя вёскі» ў памеры 50 000 рублёў. Гэтыя сродкі пайшлі на набыццё і ўсталяванне 300 фотаэлектрычных панэляў і паветранай цеплавой помпы ў SOS-Дзіцячай вёсцы Магілёў. Такое абсталяванне здольнае забяспечваць цяплом і электрычнасцю жыхароў вёскі ўвесь год.

 

Заахвочваннем для рэкардсменаў праекта, якія перавысілі персанальную адзнаку ў 100 гадзін трэніровак, сталі імянныя дрэвы. Высадзіць іх было вырашана ў SOS-Дзіцячай вёсцы Бараўляны, дзе была неабходнасць абсталяваць месца для сямейнага адпачынку і прагулак на свежым паветры.

«Сёння прынцыпы экалагічнага, сацыяльнага і карпаратыўнага кіравання (ESG) – гэта стандарт працы А1. Такая стратэгія вызначае адказнасць, якую мы бярэм на сябе для таго, каб шукаць найбольш ўстойлівыя шляхі развіцця, клапаціцца аб навакольным асяроддзі і вырашаць важныя сацыяльныя пытанні. Мы рады, што кожны з гэтых кірункаў паспяхова ўвасобіўся ў маштабнай дабрачыннай акцыі «100 гадзін з А1», да якой сёлета далучыліся больш за 2000 удзельнікаў», – адзначыў генеральны дырэктар кампаніі А1 Гельмут Дуз.

Барбарысы, бярозы, туі і ядлоўцы – усяго 160 дрэў і кустоўяў – размясціліся на плошчы амаль 200 квадратных метраў. Раней тут была пустка, якая не выкарыстоўвалася, але дзякуючы намаганням прафесійных ландшафтных архітэктараў гэта месца змянілася.

 

«Гэты новы зялёны куток SOS-Дзіцячай вёскі Бараўляны стане не толькі выдатнай рэкрэацыйнай тэрыторыяй для ўсіх яе жыхароў і гасцей, але і магчымасцю дадаткова зацікавіць іх тэмай экалогіі. Наша арганізацыя ўжо шмат гадоў прымяняе ў сваёй дзейнасці «зялёныя» прынцыпы і імкнецца ўцягваць у гэты працэс неабыякавых партнёраў. Менавіта такім партнёрам стала для нас кампанія А1, дзякуючы якой рэалізаваны важны экапраект у SOS-Дзіцячай вёсцы Магілёў, дзе ўсталявана цеплаэнергетычная сістэма на аднаўляльных крыніцах», – расказала генеральны дырэктар Міжнароднай грамадскай арганізацыі «SOS-Дзіцячыя вёскі Беларусь» Таццяна Бурава.

Дабрачынная акцыя «100 гадзін з А1» стартавала 1 чэрвеня 2021 года і доўжылася 50 дзён. Паводле яе ўмоў удзельнікам неабходна было набраць 50 000 гадзін сумесных трэніровак у чатырох дысцыплінах: бег, хадзьба, плаванне і язда на ровары. Мэта была дасягнута датэрмінова, а выніковы лічыльнік праекта зафіксаваў 58 842 гадзіны заняткаў спортам.