У SOS-Дзіцячай вёсцы Магілёў усталявалі 300 сонечных панэляў і паветраную цеплавую помпу па выніках акцыі «100 гадзін з А1» | Навiны | Пра кампанію

У SOS-Дзіцячай вёсцы Магілёў усталявалі 300 сонечных панэляў і паветраную цеплавую помпу па выніках акцыі «100 гадзін з А1»

У SOS-Дзіцячай вёсцы Магілёў усталявалі 300 сонечных панэляў і паветраную цеплавую помпу. Гэта абсталяванне дапаможа жыхарам вёскі атрымліваць экалагічна чыстую электраэнергію ў любую пару года. Сістэма была ўсталявана на сродкі, выдзеленыя кампаніяй А1 па выніках дабрачыннай акцыі «100 гадзін з А1». Падобнае рашэнне ўпершыню рэалізавана ў Беларусі ў рамках настолькі маштабнага праекта.

Сёлета спартыўная дабрачынная акцыя «100 гадзін з А1» аб'яднала больш за 2 тысячы аматараў бегу, спартыўнай хадзьбы, веласпорту і плавання з усёй Беларусі. Яе ўдзельнікам удалося датэрмінова дасягнуць галоўнай агульнай мэты – 50 000 гадзін трэніровак за 50 дзён, каб кампанія А1 аказала спонсарскую дапамогу Міжнароднай грамадскай арганізацыі «SOS-Дзіцячыя вёскі» ў памеры 50 000 рублёў на ўстаноўку экаабсталявання.

 

«Прынцыпы экалагічнага, сацыяльнага і карпаратыўнага кіравання ESG з'яўляюцца прыярытэтам для нашай кампаніі. Мы імкнемся рэалізоўваць значныя для грамадства экалагічныя праекты. Ужо пяць гадоў у Брагінскім раёне працуе сонечны парк А1, ва ўстановах адукацыі кожнай вобласці Беларусі ўсталяваныя сонечныя панэлі, а па ўсёй краіне неўзабаве з'явяцца практычныя і экалагічныя велапаркоўкі. І вось цяпер пры падтрымцы ўдзельнікаў акцыі «100 гадзін з А1» нам удалося рэалізаваць яшчэ адзін важны «зялёны» праект у партнёрстве з МГА «SOS-Дзіцячыя вёскі», – адзначыў начальнік упраўлення грамадскіх сувязяў і ESG кампаніі А1 МікалайБрэдзелеў.

Усталяванае ў SOS-Дзіцячай вёсцы Магілёў абсталяванне будзе выпрацоўваць 39 171 кВт*г. Энергаэфектыўныя сістэмы дапамогуць цалкам забяспечваць патрэбы жыхароў і гасцей вёскі ў электраэнергіі ў летні час. Увосень гэты паказчык будзе дасягаць 85% ад усёй патрэбнай электрычнасці, а зімой – 60%.

 

«У нашых планах усталяваць у наступным годзе сістэму захоўвання, каб назапашваць электрычнасць, выпрацаваную летам, і расходаваць яе ў менш сонечныя дні. І тады ўсе патрэбы вёскі будуць на 100% забяспечвацца экалагічна чыстай энергіяй. Таму адзін вялікі экапраект даў старт і стымул да далейшага развіцця на шляху да вугляроднай нейтральнасці. Акрамя таго, з'яўленне такога аб'екта мае важны адукацыйны аспект: сотні нашых падапечных і тысячы нашых сяброў і партнёраў сваімі вачамі змогуць назіраць за працай альтэрнатыўных крыніц энергіі», – падкрэсліла кіраўнік аддзела па працы з партнёрамі МГА «SOS-Дзіцячыя вёскі» Таццяна Джунеджа.

У кастрычніку на тэрыторыі SOS-Дзіцячай вёскі Бараўляны таксама будуць высаджаны імянныя дрэвы ў гонар самых актыўных удзельнікаў акцыі «100 гадзін з А1», якія набралі звыш ста гадзін трэніровак.