velcom завершыць рэбрэндынг і стане A1 | Навiны | Пра кампанію

velcom завершыць рэбрэндынг і стане A1

Правайдар тэлекам-, ІКТ- і кантэнт-паслуг velcom | A1 (з 2007 г. – член A1 Telekom Austria Group) завяршае фінальны этап свайго рэбрэндынгу. З 12 жніўня 2019 года кампанія пяройдзе да выкарыстання ў аперацыйнай дзейнасці брэнда А1, юрыдычная назва арганізацыі зменіцца на Унітарнае прадпрыемства па аказанні паслуг «А1» (скарочана Унітарнае прадпрыемства «А1»).

 

Гэтая змена будзе вынікам рэпазіцыянавання velcom: некалькі апошніх год кампанія актыўна развівала новыя напрамкі бізнесу. Так, кліентам кампаніі на сёння даступныя паслугі мабільнай і фіксаванай сувязі, воблачнага сховішча і апрацоўкі дадзеных, інтэрактыўнага тэлебачання, а таксама забаўляльны кантэнт.

 

«З'яўленне ў Беларусі А1 гэта нашмат больш, чым простая змена лагатыпа velcom. Замацаваннем новага брэнда на рынку мы завяршаем 20-гадовы шлях velcom - першага GSM-аператара Беларусі - і распачынаем новы перыяд у гісторыі кампаніі як правайдара паслуг у сферы тэлекамунікацый, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і забаўляльнага кантэнту. Цяпер нашы кліенты змогуць атрымліваць увесь спектр створаных кампаніяй прадуктаў і паслуг у аднаго пастаўшчыка з назвай А1», - адзначыў генеральны дырэктар velcom | A1 Гельмут Дуз.

 

На беларускай мове новы брэнд вымаўляецца як «А адзін». Спалучэнне першай літары алфавіту і першай лічбы ў нумарным шэрагу ў назве А1 азначае «першакласны», «выдатны». Новыя фірмовыя колеры кампаніі - белы ў якасці асноўнага, а таксама чырвоны і чорны ў якасці акцэнтных.

 

Для кліентаў А1 змена брэнда не пацягне за сабой неабходнасці заключэння новых пагадненняў або замены абаненцкага абсталявання (SIM-картак, маршрутызатараў, тэлевізійных прыставак і г. д.). Умовы заключаных раней дамоваў (у тым ліку датычных набыцця абсталявання ў растэрміноўку) захоўваюцца. Пры гэтым на экранах смартфонаў і іншых прылад імя сеткі velcom зменіцца на A1 BY. Выкарыстанне кампаніяй у камунікацыі брэндаў velcom і velcom | A1 будзе спынена пачынаючы з 12 жніўня.

 

З нагоды завяршэння фінальнага этапа рэбрэндынгу кампанія A1 запрашае ўсіх мінчан і гасцей сталіцы на вялікі канцэрт пад адкрытым небам, які адбудзецца ў нядзелю 11 жніўня на плошчы каля Палаца спорту. На адной сцэне выступяць гурты «Без білета» (Беларусь), Morandi (Румынія) і Горан Брэгавіч са сваім аркестрам (Сербія). Пачатак канцэрту а 18:00, уваход бясплатны.

 

Пра кампанію A1 у Беларусі

A1 - правайдар тэлекамунікацыйных, ІКТ- і кантэнт-паслуг у Беларусі. Камерцыйную дзейнасць кампанія пачала 16 красавіка 1999 г., стаўшыся першым мабільным аператарам стандарту GSM у краіне. З лістапада 2007 г. кампанія ўваходзіць у склад групы A1 Telekom Austria Group. Да жніўня 2019 г. кампанія вяла аперацыйную дзейнасць пад брэндам velcom.

Абанентамі мабільнай сувязі A1 у Беларусі з'яўляюцца больш за 4,87 млн чалавек, больш за 1 млн дамагаспадарак маюць доступ да сеткі фіксаванай сувязі па тэхналогіях GPON і Ethernet ва ўсіх абласных гарадах і большасці раённых цэнтраў. Акрамя таго, A1 аказвае паслугі лічбавага тэлебачання IPTV пад брэндам VOKA, а таксама паслугі захоўвання дадзеных і воблачныя сэрвісы на базе ўласнага дата-цэнтра, аднаго з найбуйнейшых у краіне.

 

Пра групу кампаній A1 Telekom Austria Group

A1 Telekom Austria Group - вядучы правайдар тэлекамунікацыйных паслуг і лічбавых рашэнняў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе з агульнай колькасцю карыстальнікаў больш за 25 млн. Кампанія працуе ў 7 краінах: Аўстрыі, Беларусі, Балгарыі, Харватыі, Славеніі, Сербіі і Паўночнай Македоніі. Агульны даход A1 Telekom Austria Group на рынку тэлекамунікацыйных паслуг і фінансавым сектары склаў на канец 2018 г. 4,47 млрд еўра. Агульны штат усіх кампаній групы налічвае каля 19 тыс. супрацоўнікаў. A1 Telekom Austria Group з'яўляецца еўрапейскім падраздзяленнем кампаніі América Móvil, аднаго з найбуйнейшых сусветных правайдараў бесправадных паслуг.