У год на 5500 тон CO2 менш: А1 запусціў маштабную ініцыятыву па дасягненню вугляроднай нейтральнасці | Навiны | Пра кампанію

У год на 5500 тон CO2 менш: А1 запусціў маштабную ініцыятыву па дасягненню вугляроднай нейтральнасці

У 2021 годзе А1 плануе скараціць выкіды вуглякіслага газу на 5,5 тысяч тон, якія з'яўляюцца вынікам прамога і ўскоснага ўздзеяння кампаніі на навакольнае асяроддзе.

 

Сярод мер, якія для гэтага рэалізуюцца ў кампаніі суадносна з прынцыпамі ўстойлівага экалагічнага, сацыяльнага і карпаратыўнага кіравання (ESG), укараненне тэхналогій натуральнага астуджэння абсталявання базавых станцый, мадэрнізацыя электрасілкавальных установак на тэхналагічных аб'ектах, а таксама стварэнне энергаэфектыўнага «зялёнага» офіса. Галоўная задача ініцыятывы – зрабіць значны ўнёсак у глабальную мэту A1 Telekom Austria Group: да 2030 года знізіць узровень выкідаў СО2 на 50%, а да 2040-га – дасягнуць вугляроднай нейтральнасці.

Сярэдні штогадовы прырост трафіку ў мабільнай сетцы А1 складае 50-60%, у фіксаванай – каля 30%. Укараненне сучасных тэхналогій дазваляе кампенсаваць рост спажывання электрычнай энергіі, якая выкарыстоўваецца для перадачы дадзеных. Так, на базавых станцыях кампаніі адбываецца паступовы пераход да выкарыстання тэхналогіі free cooling – натуральнага астуджэння з ужываннем атмасфернага паветра. Такога кшталту мадэрнізацыя прадугледжвае адмову ад выкарыстання кандыцыянераў.

 

Павышэнне тэмпературы на базавай станцыі, роўнай +29°C і да дасягнення якой не ўключаецца аўтаматычная сістэма кандыцыянавання, – гэта яшчэ адна мера, якая дазваляе аптымізаваць энергазберажэнне. Праца кандыцыянера патрабуе 2кВт у гадзіну, тады як усё абсталяванне сучаснай базавай станцыі – толькі 1,5 кВт, але на абаненцкі сэрвіс гэта ніяк не ўплывае.

 

Акрамя таго, у 2020 годзе ў А1 стартавала кампанія па мадэрнізацыі электрасілкавальных установак на базавых станцыях па ўсёй сетцы і іх замене на больш энергаэфектыўныя. Таксама абсталяванне базавых станцый афарбоўваюць ультрабелым колерам, які дае эканомію каля 4% ад кошту электрычнай энергіі, што выдаткоўваецца для астуджэння абсталявання.

 

Гэтыя і іншыя меры дазволяць ужо ў гэтым годзе скараціць спажыванне электраэнергіі, для выпрацоўкі якой спатрэбіцца каля 5,5 тысяч тон выкідаў вуглякіслага газу. Каб паглынуць такую колькасць СО2, неабходна больш за 90 тысяч дзесяцігадовых дрэў.

 

«Шматлікія ініцыятывы А1 па энергазберажэнні – частка нашай палітыкі ў галіне ўстойлівага экалагічнага, сацыяльнага і карпаратыўнага кіравання (ESG). У нашай кампаніі ёсць вялікі патэнцыял у сферы энергаэфектыўнасці, а дзякуючы экалагічнай стратэгіі А1 нашы кліенты ўсведамляюць, які ўнёсак у захаванне навакольнага асяроддзя яны асабіста робяць, карыстаючыся паслугамі, якія мы даем», – адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях кампаніі А1 Крысціян Лаке.

 

У рамках ініцыятывы «Зялёны офіс» у А1 дзейнічаюць праграмы замяшчэння папяровага дакументаабароту на электронны (ЭДА), пераходу на электронныя рахункі як для фізічных, так і для юрыдычных асоб, раздзельнага збору смецця (у тым ліку электронных прылад), скарачэння карпаратыўнага аўтапарка машын з рухавікамі ўнутранага згарання і іншыя.

 

А1 у Беларусі актыўна працуе над павышэннем свайго экалагічнага індэкса. Напрыканцы 2020 года кампанія зацвердзіла экалагічную палітыку на 2021-2025 гг. – афіцыйны дакумент, у якім прапісаны асноўныя прынцыпы і абавязацельствы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і забеспячэння экалагічнай бяспекі. А1 падтрымлівае тэндэнцыю ўстойлівага развіцця ва ўсіх сферах сваёй дзейнасці, у тым ліку ў сацыяльных і інклюзіўных праектах.