Знакамітыя спартоўцы, клубы і замежныя дыпламаты далучыліся да дабрачыннага марафона «24 РАЗАМ» пры падтрымцы VOKA | Навiны | Пра кампанію

Знакамітыя спартоўцы, клубы і замежныя дыпламаты далучыліся да дабрачыннага марафона «24 РАЗАМ» пры падтрымцы VOKA

24-гадзінны дабрачынны марафон «24 РАЗАМ» у дапамогу дзецям з аўтызмам пройдзе 16-17 жніўня. Кожны жыхар Беларусі можа ўзяць удзел у акцыі. Рыхтуюцца падтрымаць праект вядомыя спартоўцы і дзеячы мастацтва. Збіраюцца дапамагчы беларускім дзецям з аўтызмам і нашы спартоўцы, якія цяпер знаходзяцца за мяжой на зборах. У прыватнасці, у скарбонку дабрачыннага марафона свой уклад ужо ўнеслі гандбольны клуб СКА-Мінск, гульцы якога на зборы ў Славеніі прабеглі ў агульнай складанасці 44 гадзіны, а таксама нацыянальная жаночая зборная па хакеі на траве – больш за 15 гадзін. Плануюць свой удзел вядомыя айчынныя і замежныя клубы, у складзе якіх гуляюць беларускія гульцы.

 

Пра сваю падтрымку марафона заявіла і Беларуская федэрацыя футбола. У рамках 18 тура ўсе каманды элітнага дывізіёна «Беларусбанк – вышэйшай лігі», якія выйдуць на палі краіны 16 і 17 жніўня, дашлюць у залік марафону свой час знаходжання ў гульні. Свае каманды для ўдзелу ў 24-гадзінным марафоне заявілі ФК БАТЭ, ФК «Іслач», ФК «Дняпро», ФК «Art-Stars», ФК «Дыпламат».

Паводле ўмоваў дабрачыннага марафона «24 РАЗАМ» беларусам трэба прабегчы або праплысці за суткі ў агульнай складанасці 10 000 гадзін. Па выніках праекта «24 РАЗАМ» дабрачынная дапамога ад відэасэрвісу VOKA на суму 50 000 рублёў будзе аказана міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» і праекту «Спорт-інклюзія», які курыруе знакамітая плыўчыха Аляксандра Герасіменя. Ён накіраваны на стварэнне інклюзіўных спартовых праграмаў, якія прадугледжваюць сумесную падрыхтоўку нейратыповых дзяцей і дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

 

«Хачу заклікаць усіх, хто мае жаданне падтрымаць дзяцей з аўтызмам, паўдзельнічаць у дабрачынным марафоне «24 РАЗАМ». Мы хочам дапамагчы кожнаму дзіцяці з асаблівасцямі развіцця знайсці сваё месца ў грамадстве, адчуваць сябе камфортна ў жыцці і ў спорце. Мы заклікаем беларусаў прабегчы і праплысці ў дапамогу дзецям. Кожная хвіліна, якую вы прабяжыце ў гэтыя суткі, пойдзе ў агульную скарбонку нашага праекта і будзе пераведзеная ў суму дабрачыннай дапамогі», – заявіла Аляксандра Герасіменя, ініцыятар дабрачыннага праекта «24 РАЗАМ». Сама Аляксандра 17 жніўня правядзе ў дапамогу дзецям свой апошні заплыў.

 

Дапамагчы дзецям можна, прабегшы ў любым месцы або праплыўшы ў любым басейне, пры гэтым трэба занатаваць працягласць забегу або заплыву з дапамогай любой фітнэс-праграмы і размясціць скрыншот на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках з хэштэгам #VOKA24.

 

Пра свой удзел у марафоне ўжо заявілі знакамітыя спартоўцы і вядомыя беларусы. Аляксандра Герасіменя, Надзея Скардзіна, Кацярына Вандар'ева, Вольга Хіжынкова, Дар'я Домрачава, Анастасія Верамеенка, Марына Арзамасава, Аляксандра Сасновіч, Марына Слуцкая, Зміцер Асанаў, Віталь Радзівонаў і многія іншыя, прадстаўнікі гандбольнага СКА, футбольнага БАТЭ, хакейнага «Дынама» і іншых вядучых клубаў краіны выйдуць на старт дабрачыннага марафона «24 РАЗАМ». А кожны, хто хоча прабегчы або праплысці разам з імі, можа зарэгістравацца на сайце праекту – VOKA24.by, атрымаць чып і стаць сябрам адной з «зорных» каманд. Свой удзел у марафоне «24 РАЗАМ» ужо пацвердзілі і беларускія артысты, у тым ліку спявачка Ганна Шаркунова і мадэльер Іван Айплатаў.

 

На дадзены момант на марафон ужо зарэгістравалася вялікая колькасць карпаратыўных каманд. Свае каманды высунулі і сродкі масавай інфармацыі: тэлеканалы «Беларусь 1», «Беларусь 5», АНТ, а таксама партал Onliner.by, газеты «Камсамольская праўда ў Беларусі», «Прэсбол», інфармацыйнае агенцтва «Мінск-навіны». Самай масавай «зорнай» камандай стала каманда Дар'і Домрачавай, яе ўдзельнікі будуць бегчы, змяняючы адно аднаго, на працягу ўсяго марафона – 24 гадзіны без перапынку. Зарэгістравалася на дабрачынны марафон і каманда амбасады ЗША ў Беларусі, якая стала першай па колькасці заяўленых удзельнікаў сярод усіх карпаратыўных каманд. У складзе каманды ФК «Дыпламат» у дабрачынным марафоне возьмуць удзел дыпламатычныя працаўнікі з Нямеччыны, Чэхіі, Венгрыі, Расіі, Казахстана, Венесуэлы, Славакіі і іншых краін.

 

Сам 24-гадзінны бегавы марафон пройдзе на стадыёне Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы па адрасе вул. Каліноўскага, 111 (збор удзельнікаў 16 жніўня ў 17.30, старт а 18:00), а 6-гадзінны заплыў – у плавальным басейне САК «Трактар» па вул. Даўгабродскай, 37 (старт 17 жніўня а 12:00). Марафон фінішуе 17 жніўня а 18:00.

 

Ужо 70 самых адважных бегуноў заявілі пра сваё жаданне бегчы на працягу 24-гадзіннага марафону. Самыя трывалыя бегуны – тыя, хто пераадолее найбольшую колькасць кіламетраў за суткі, будуць узнагароджаны каштоўнымі падарункамі ад відэасэрвісу VOKA, кампаніі Xiaomi, прызам у спецыяльнай намінацыі ад тэлеканала «ЖЫВІ!». У праграме марафона таксама будзе разыграны камандны залік, пераможцам якога стане каманда з максімальнай колькасцю бегуноў. Акрамя таго, на марафоне будзе працаваць крама спартовага адзення Дар'і Домрачавай.