Дыснееўскі мультфільм «Уверх» упершыню агучылі на беларускую мову для VOKA
24 снежня на VOKA адбудзецца анлайн-прэм’ера мультфільма «Уверх» у новай агучцы. Адмыслова для відэасэрвіса быў падрыхтаваны афіцыйны дубляж, у якім персанажы студыі Disney упершыню загавораць на беларускай мове.
«Уверх» – поўнаметражны анімацыйны фільм, зняты студыямі Pixar і Disney. Яго галоўны герой – 78-гадовы буркун Карл, які пасля смерці жонкі вырашае здзейсніць іх даўнюю мару пра вялікае падарожжа і выпраўляецца ў Паўднёвую Амерыку. Ужо ў дарозе стары разумее, што ляціць не адзін, а з 8-гадовым Раселам.
У 2009 годзе ўпершыню ў гісторыі Канскі кінафестываль адкрываўся мультфільмам, і гэта быў «Уверх». А ў 2010 годзе ён атрымаў два «Залатыя глобусы» і два «Оскары» – за найлепшы анімацыйны фільм і за найлепшую арыгінальную музыку.
«Праекты па падтрымцы беларускай мовы – адзін з галоўных кірункаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці А1. Некалькі гадоў мы падтрымлівалі паказы сусветнага кіно ў беларускай агучцы на вялікім экране. На сэрвісе VOKA ёсць спецыяльны раздзел для перакладных фільмаў. Ён увесь час абнаўляецца, і зараз, напярэдадні зімовых канікул, мы рады прадставіць анлайн-прэм’еру «Уверх». Беларускамоўная версія рыхтавалася разам са студыяй Disney, якая ўзгадняла не толькі кожнага акцёра, але нават тэхнічныя нюансы», – адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.
Над дубляжом мультфільма працавала кампанія «Кінаконг». На беларускай мове галоўныя героі Карл і Расел загавораць галасамі заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Валерыя Шушкевіча і 11-гадовага Рыгора Дзенісенкі – артыста-пачаткоўца, выбранага на кастынгу з больш як 30 кандыдатаў.
«Уверх» папоўніць раздзел VOKA «Кіно па-беларуску – CINEVOKA», дзе таксама можна знайсці, напрыклад, пераагучаныя мультфільмы «Рыбка Поньё» і «Таямніца Келза». Акрамя анімацыйнага і мастацкага кіно, у раздзеле «CINEVOKA – Серыялы па-беларуску» ў беларускім дубляжы гледачам відэасэрвіса даступны яшчэ і серыялы.