«Рататуй» на VOKA: легендарны мультфільм выйшаў у беларускім дубляжы | Навiны | Пра кампанію

«Рататуй» на VOKA: легендарны мультфільм выйшаў у беларускім дубляжы

На відэасервісе VOKA ў прафесійнай беларускай агучцы стаў даступны яшчэ адзін поўнаметражны анімацыйны фільм – аскараносны «Рататуй» рэжысёра Брэда Берда.

 

Гісторыя, якая пабачыла свет у 2007 годзе, расказвае пра пацучка па імені Рэмі, які моцна адрозніваецца ад сваіх родзічаў не толькі ўнікальным нюхам, але і апантанасцю кулінарыяй. Але хіба можа пацук марыць пра тое, каб трапіць на кухню і пры гэтым выжыць? А тым больш на кухню лепшага рэстарана ва ўсім Парыжы! Аднак менавіта туды прыводзіць малыша Рэмі Яго Вялікасць Выпадак. Пацучок заводзіць сяброўства з маладым прыбіральшчыкам Альфрэда Лінгвіні, і яны атрымліваюць шанс змяніць сваё жыццё – адзін на дваіх.

 

Мультфільм ад студыі Pixar у пэўнай ступені паўтарыў лёс кулінарных шэдэўраў, створаных лапкамі галоўнага героя, атрымаўшы любоў простых гледачоў і прызнанне крытыкаў. Лента была ўдастоена такіх прэстыжных кінаўзнагарод, як «Оскар», «Залаты глобус», атрымала прыз Брытанскай акадэміі кіно і тэлевізійных мастацтваў (BAFTA) і «Сатурн» у намінацыі «Лепшы анімацыйны фільм», а таксама ўвайшла ў топ-500 лепшых фільмаў свету па версіі часопіса Empire.

 

Стварэннем беларускага дубляжу «Рататуя» займалася кампанія «Кінаконг» спецыяльна для платформы VOKA.

 

Паглядзець «Рататуй» па-беларуску змогуць усе карыстальнікі VOKA па падпісцы «Усё ўключана» ў раздзеле «CINEVOKA – Кіно па-беларуску». Тут жа прадстаўлены больш за 50 іншых фільмаў з беларускім дубляжом: ад галівудскіх блакбастэраў да анімэ. А ў раздзеле «CINEVOKA – Серыялы па-беларуску» ў беларускім дубляжы гледачам платформы даступны яшчэ і серыялы.