Беспілотны верталёт правёў дыстанцыйны маніторынг энергаэфектыўнай базавай станцыі А1 | Навiны | Пра кампанію

Беспілотны верталёт правёў дыстанцыйны маніторынг энергаэфектыўнай базавай станцыі А1

Кампанія А1 выкарыстала беспілотны верталёт для маніторынгу базавай станцыі ў аддаленым рэжыме. Даныя, перададзеныя з дрона праз мабільную сетку А1, дапамаглі скласці падрабязную 3D-мадэль аб’екта, каб ацаніць стан устаноўленага на ім радыёабсталявання і самой канструкцыі. У далейшым кампанія плануе зрабіць такія даследаванні пастаяннай часткай назірання за тэхнічным станам сваёй сеткі.

 

У рэалізацыі пілотнага праекта быў задзейнічаны беспілотны верталёт Heli-E кампаніі aOrion («Альфа Арыён») з устаноўленай на ім камерай для відэаздымкі ў фармаце звышвысокай выразнасці. Усе выявы перадаваліся інжынерам у рэжыме анлайн.

 

Базавая станцыя, для абследавання якой выкарыстоўваўся беспілотны дрон, размяшчаецца ў в. Падыгрушша Смалявіцкага раёна. Сам апарат быў запушчаны з ускраіны г. Смалявічы. Ён пераадолеў адлегласць каля 7 км і падняўся на вышыню 39 м, каб скласці падрабязную мадэль станцыі і перадаць даныя спецыялістам тэхнічнага падраздзялення А1. Максімальная адлегласць, якую можа праляцець за адзін раз такі верталёт, – каля 80 км.

 

Дзякуючы дэталёваму інтэрактыўнаму абследаванню спецыялісты А1 без выезду на аб’ект змаглі правесці візуальны агляд устаноўленага абсталявання, металаканструкцый, фундаментных апор, агароджы, тэрыторыі пляцоўкі, а таксама ацаніць параметры антэна-фідэрнага тракта – антэн і радыёрэлейных ліній перадач, уключаючы іх нахіл, кірунак выпраменьвання і інш.

 

Чакаецца, што ўжо ў найбліжэйшы час выкарыстанне беспілотных верталётаў для дыстанцыйнага маніторынгу тэхнічнага стану аб’ектаў інфраструктуры ўвойдзе ў штодзённую практыку кампаніі.

 

Атрыманыя даныя дапамогуць своечасова выяўляць адхіленні ў рабоце базавых станцый і прымаць аператыўныя рашэнні аб неабходнасці іх тэхнічнага абслугоўвання для падтрымання якаснай работы сеткі А1.

 

Выкарыстанне беспілотных устройстваў асабліва эфектыўнае для назірання за станам аб’ектаў, размешчаных у цяжкадаступнай ці аддаленай мясцовасці. Інжынерам А1 больш не прыйдзецца выязджаць для візуальнага абследавання такіх станцый на аўтамабілі – гэтую работу возьме на сябе дрон, якім будуць кіраваць праз мабільную сетку. Гэта дазволіць кампаніі не толькі эканоміць час і сродкі, але і дабіцца зніжэння вугляроднага следу ў сваёй дзейнасці.

 

Нагадаем, што раней з гэтай мэтай кампанія рэалізавала маштабны праект па замене тэхналагічна састарэлых электрасілкавальных установак базавых станцый на больш сучасныя аналагі з нізкім энергаспажываннем. У комплексе з іншымі рашэннямі (такімі, як адключэнне элементаў сеткавага абсталявання ў перыяды мінімальнай нагрузкі і аптымізацыя рэжыму работы сістэм кандыцыянавання ў кантэйнерах з абсталяваннем базавай станцыі) гэта дазваляе дасягаць энергаэфектыўнага рэжыму работы сеткі А1 без пагаршэння кліенцкага сэрвісу.