Лета з CINEVOKA: глядзім сусветнае кіно на беларускай мове
Гэтым летам CINEVOKA, праект па агучванні сусветнага кіно на беларускую мову, выпусціць яшчэ некалькі навінак. Класіка французскага кіно, паўднёвакарэйская драма, спагеці-вестэрны, фільмы для ўсёй сям'і і многае іншае будзе выходзіць на працягу двух месяцаў па пятніцах на відэасэрвісе VOKA.
У раздзеле CINEVOKA на платформе ўжо сабрана больш за 50 фільмаў і серыялаў у беларускім дубляжы, і гэтая эксклюзіўная калекцыя пастаянна абнаўляецца. Толькі за бліжэйшы месяц відэасэрвіс прэзентуе яшчэ восем фільмаў.
Першымі навінкамі чэрвеня сталі тры класічных спагеці-вестэрны італьянскага рэжысёра Серджа Леонэ, галоўныя ролі ў якіх выканаў Клінт Іствуд – «За жменю даляраў», «На некалькі даляраў больш» і «Добры, дрэнны, злы». Музыку для кожнага з трох фільмаў напісаў Эніа Марыконэ. Уся даляравая трылогія ўжо даступная на VOKA.
Па-беларуску загаворыць і няўлоўны злачынец Фантамас з першага фільма аднайменнай трылогіі пра неверагодныя прыгоды камісара Жува. Яго прэм'ера на відэасэрвісе адбудзецца 23 чэрвеня. 3
0 чэрвеня на платформе выйдзе «Ары. Мой сябар-робат» – гэта фільм для ўсёй сям'і пра падлетка, які перашкаджае злоснай карпарацыі ператварыць сябра-робата ў страшную зброю.
Фанаты паўднёвакарэйскага кіно, якое набірае папулярнасць, змогуць паглядзець у беларускім агучванні драму «Заўжды» пра каханне баксёра і сляпой дзяўчыны. Гэты фільм выйдзе на VOKA 7 ліпеня.
14 і 21 ліпеня CINEVOKA прэзентуе яшчэ пару навінак для сямейнага прагляду - камедыю «Джоўі і Эла» пра пошукі кенгуру, які ўмее гаварыць, і незвычайнага алмазу, а таксама трэцюю частку вядомай франшызы «Памажыце, я паменшыў сваіх сяброў».
Каб не прапусціць ні адну з прэм'ер платформы, сачыце за абнаўленнямі ў спецыяльным раздзеле «CINEVOKA – Кіно па-беларуску». Там жа можна знайсці і іншыя фільмы – усё ад галівудскіх блокбастараў да класікі анімэ. Кантэнт для гэтага раздзелу ствараецца спецыяльна для VOKA і даступны толькі на відэасэрвісе.