«Аліса ў Цудазем'і»: VOKA выпусціў кінаказку Ціма Бёртана ў беларускім дубляжы | Навiны | Пра кампанію

«Аліса ў Цудазем'і»: VOKA выпусціў кінаказку Ціма Бёртана ў беларускім дубляжы

Відэасэрвіс VOKA выпусціў у афіцыйным беларускім дубляжы яшчэ адзін фільм ад Disney – «Аліса ў Цудазем'і». Працяг папулярнай казкі Льюіса Кэрала, зняты Цімам Бертанам, займае 43-е месца сярод самых касавых фільмаў у гісторыі.

Гэты фільм выйшаў у 2010 годзе і стаў вольным працягам да аднайменнага мультфільма 1951 года і пераасэнсаваннем дзвюх кніг Кэрала – «Аліса ў Цудазем'і» і «Аліса ў Залюстрэччы». Сцэнар да карціны напісала Лінда Вулвертан, якая вядомая па працы над фільмамі ад Disney «Прыгажуня і Пачвара» і «Кароль Леў».

 

Аўтар стварыла ўнікальную гісторыю, дзе Алісе ўжо 19 гадоў, і яна не памятае, як у дзяцінстве падарожнічала па Цудазем'і. Пасля смерці бацькі ў сваім садзе яна зноў сустракае Белага Труса, які вяртае яе ў чароўны свет. Там Алісе кажуць, што толькі яна можа перамагчы Бармаглота – цмока, якім кіруе Чырвоная Каралева.

 

Галоўныя ролі ў фільме выканалі Міа Васікоўска, Джоні Дэп, Хелена Бонем Картэр і Эн Хэтэўэй. У 2011 годзе кінаказка Ціма Бёртана атрымала адразу дзве прэміі «Оскар» – за найлепшыя дэкарацыі і за найлепшыя касцюмы. Тады ж модны дом Viva Vox выпусціў калекцыю адзення па матывах фільма.

 

Новы афіцыйны дубляж падрыхтаваны студыяй «Кінаконг» спецыяльна для відэасэрвісу VOKA. Фільм ужо даступны на VOKA па падпісцы «Усё ўключана». Яго можна знайсці ў раздзеле «Кіно па-беларуску – CINEVOKA» з іншымі пераагучанымі замежнымі фільмамі. Акрамя анімацыйнага і мастацкага кіно, у раздзеле «CINEVOKA – Серыялы па-беларуску» ў беларускім дубляжы гледачам платформы даступныя яшчэ і серыялы.