Упершыню ў Беларусі беспілотны верталёт, працуючы ў сетцы 5G SA, правёў маніторынг стану сонечнай электрастанцыі кампаніі A1 | Навiны | Пра кампанію

Упершыню ў Беларусі беспілотны верталёт, працуючы ў сетцы 5G SA, правёў маніторынг стану сонечнай электрастанцыі кампаніі A1

Кампанія А1 правяла ацэнку стану батарэй на ўласнай сонечнай электрастанцыі, адной з найбуйнейшых у Беларусі, з выкарыстаннем магчымасцяў тэставай сеткі стандарту 5G Standalone (SA), рэалізаванай разам з ZTE. Падчас маніторынгу быў задзейнічаны дрон-верталёт aOrion, які вёў збор інфрачырвонай выявы сонечных панэляў для апрацоўкі і аналізу іх стану паралельна з простай відэатрансляцыяй у HD-раздзяленні. Гэта першы ў краіне вопыт выкарыстання аўтаномнай сеткі 5G для кіравання беспілотным лятальным апаратам, а таксама збору і перадачы атрыманай з яго дапамогай інфармацыі ў рэжыме рэальнага часу. Для кантролю за працэсам вытворчасці «чыстай» энергіі былі выкарыстаны не толькі высокатэхналагічныя, але і экалагічна бяспечныя рашэнні.

«Упершыню ў Беларусі магчымасці тэставай 5G-сеткі былі выкарыстаны для маніторынгу стану такога аб'екта, як сонечная электрастанцыя. Нават там, дзе чалавек не можа быць персанальна, пры наяўнасці сеткі стандарту 5G SA яго вачамі і рукамі могуць стаць розныя разумныя прылады, выкарыстанне якіх дазваляе вырашаць шырокае кола задач, пры гэтым зводзячы да мінімуму ўплыў на навакольнае асяроддзе», – адзначыў намеснік генеральнага дырэктара кампаніі А1 па тэхнічных пытаннях Крысціян Лакэ.

 

Дрон-верталёт, які задзейнічаны для інспекцыі сонечных панэляў, кіруецца дыстанцыйнае праз тэставую 5G-сетку А1, створаную на базе аўтаномнай архітэктуры – SA, якая забяспечвае ўсе перавагі найноўшай тэхналогіі, такія як максімальна хуткі водгук сеткі, высокая надзейнасць злучэння, раздзяленне рэсурсаў сеткі на сегменты для розных сэрвісаў (5G-слайсінг). У адрозненне ад сетак з неаўтаномнай архітэктурай (NSA, Non-Standalone), «чыстыя» 5G-сеткі разгортваюцца без прывязкі да інфраструктуры сетак 4G/LTE. Праект па тэставым запуску 5G SA-сеткі быў здзейснены А1 у партнёрстве з кампаніяй ZTE з выкарыстаннем тэхналогій massive MIMO і beamforming.

«ZTE, з'яўляючыся адным з сусветных лідараў у галіне 5G, шчыра верыць, што 5G спрыяе развіццю вертыкальных галін і лічбавай трансфармацыі прамысловасці. Разгортванне розных дадаткаў 5G дае магчымасць перайсці ад традыцыйнай вытворчасці да інтэлектуальнай пры адначасовым зніжэнні выдаткаў і павышэнні эфектыўнасці і якасці. На прыкладзе кейса па маніторынгу прамысловых аб'ектаў з дапамогай беспілотнага дрона атрымалася прадэманстраваць перавагі сетак пятага пакалення – нізкія затрымкі і высокія хуткасці перадачы даных», – адзначыў дырэктар ЗТАА «ЗТЕ» (ZTE у Беларусі) Вэй Вэй.

 

Магчымасці сувязі пятага пакалення дазволілі даследаваць стан сонечных панэляў на тэрыторыі памерам з 60 футбольных палёў у аўтаматычным рэжыме і ў рэальным часе. Палёт прафесійнага дрона aOrion Electro можа ажыццяўляцца на працягу 120 хвілін – гэта рэкордны паказчык не толькі ў параўнанні з мультыкоптарамі, але і сярод усіх электрычных верталётаў, уключаючы пілатаваныя. На працягу ўсяго гэтага часу ўсталяванае на ім абсталяванне перадавала праз тэставую сетку відэа высокай выразнасці. Пры гэтым прылада здольная перадаваць і іншыя тыпы даных: выявы і нават масіў пунктаў для пабудовы 3D-мадэляў аб'ектаў, якія знаходзяцца пад яе назіраннем.

Кіраванне дронам таксама ажыццяўляецца з выкарыстаннем сувязі 5G, пры гэтым хуткасць водгуку аказваецца значна вышэй, чым у сетках мабільнай сувязі іншых пакаленняў. Гэта робіць магчымым так званы палёт адной кнопкай – у цалкам аўтаматычным рэжыме, калі аператар задае толькі маршрутныя пункты і патрэбныя параметры.

 

«У "Альфа Арыён" мы аснасцілі наш электрычны беспілотны верталёт 5G-мадэмам і ўжо выканалі тэставыя палёты з выкарыстаннем канала 5G. Наступны крок – гэта аўтаномная інспекцыя сонечных батарэй у парку А1. Выкарыстанне 5G у беспілотных тэхналогіях дазваляе значна хутчэй у рэжыме рэальнага часу перадаваць даныя з дрона на наземную станцыю кіравання ці ў воблака», – пракаментаваў заснавальнік кампаніі ТАА «Альфа Арыён» Вадзім Чарэўка.

Рашэнне, пратэставанае кампаніямі А1, aOrion і ZTE, у перспектыве можа выкарыстоўвацца для інспекцыі розных аб'ектаў, напрыклад, нафта- і газаправодаў, чыгуначных пуцей, ліній электраперадачы (у тым ліку ў складаных пагодных і кліматычных умовах ці там, дзе ўдзел чалавека небяспечны ці немэтазгодны), а таксама для дастаўкі грузаў, удзелу ў дрон-рэйсінгу і вырашэння іншых задач. Акрамя таго, такія распрацоўкі могуць стаць асновай для выкарыстання тэхналогіі 5G-слайсінга – магчымасці на праграмным узроўні раздзяляць сеткавую прастору на сегменты, для кожнага з якіх у адпаведнасці з пэўнымі задачамі задаюцца каналы з неабходнымі параметрамі падключэння, каб забяспечыць найвышэйшую бяспеку і даступнасць злучэння.